3 красавіка ў брэсцкім культурным цэнтры “Грунтоўня” ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Артура Конана Дойла. У прэзентацыі ўзялі ўдзел перакладчыцы гісторый пра Шэрлака Холмса Кацярына Маціеўская і менеджар праекта Ігар Крэбс, і нават цудоўнае красавіцкае надвор’е не перашкодзіла аматарам знакамітага ангельскага дэтэктыва сабрацца ў гэты дзень разам і пагаварыць пра рускамоўнага і беларускамоўнага Холмса, розныя падыходы да экранізацыяў дэтэктыўных гісторый, беларускі краўдфандынг і беларускі пераклад.
Спачатку Кацярына Маціеўская расказала пра тое, як перакладчыцам і перакладчыкам прыйшла ў галаву ідэя ўзяцца за пераклад кніг пра Холмса на беларускую мову і пра тое, што ў гэтых кнігах натхняе прыватна яе. Ганна Янкута апавяла пра беларускі пераклад увогуле і расказала пра складанасці з перакладам ангельскіх рэаліяў, пра тыя смешныя сітуацыі, у якіх часам аказваюцца перакладчыкі, і пра характар беларускага Шэрлака Холмса. Ігар Крэбс расказаў пра тое, што такое краўдфандынг, пра яго развіццё ў Беларусі і пра тое, як беларускія перакладчыкі збіралі грошы на выданне “Нататак пра Шэрлака Холмса”.
У канцы прэзентацыі перакладчыкі правялі віктарыну на веданне гісторый пра Шэрлака Холмса. Усе, хто правільна адказваў на пытанні, атрымлівалі закладкі з серыі пра дзеячаў беларускай культуры і маглі такім чынам сабраць усю калекцыю. А пераможца атрымала галоўны прыз — будзьмаўскую торбу “Беларусь — краіна цмокаў”. Пасля гэтага прысутныя змаглі задаць пытанні і атрымаць копіі-факсіміле аўтографа Артура Конана Дойла.