Прэзентацыя і паказ кінастужкі “Палякі”, знятай незалежнай кінастудыяй “Брэнтстар”, адбылася ў пятніцу ў гістарычнай майстэрні. На мерапрыемстве прысутнічалі рэжысёр фільму Міхал Мілашэўскі, аператар Сяргей Яноўскі і аўтар сцэнару, старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. У якасці ганаровага госця на прэзентацыю быў запрошаны першы сакратар Амбасады Польшчы ў Мінску Томаш Казноўскі.
Імпрэзу распачаў Антон Астаповіч. Ён зазначыў, што мерапрыемства ладзіцца ў межах кампаніі “Будзьма!”, і распавёў прысутным пра яе задачы і мэты.
“Мы імкнуліся паказаць сітуацыю, у якой апынуліся беларускія палякі, як мага больш аб’ектыўна. Гэта была адна з асноўных задачаў нашага фільму,” – растлумачыў ідэю стужкі рэжысёр Міхал Мілашэўскі.
Пасля ўдзельнікам імпрэзы быў прапанаваны прагляд самой кінастужкі. Яна выклікала неадназначныя ўражанні ў гледачоў: за праглядам паследавалі шматлікія пытанні стваральнікам фільму, заўвагі і дыскусія.
“Дзяржава абавязаная стварыць ўсе ўмовы для развіцця культуры ўсіх нацыянальных меншасцяў, што пражываюць на яе тэрыторыі,” – агучыў Міхал Мілашэўскі агульную высновы дыскусіі.
Згодна з намерам стваральнікаў фільму, “Палякі” не трапяць у камерцыйны распаўсюд. Па словах Антона Астаповіча, пасля здымак трэцяга фільму з цыклу пра нацыянальныя меншасці на Беларусі, усе тры фільмы могуць быць паказаныя па Беларускім тэлебачанні. Аўтары фільму звязваюць такую магчымасць з тым, што стужка атрымала дзяржаўную рэгістрацыю. Трэцяя частка будзе прысвечаная беларускім татарам.
Набыць фільм можна, асабіста звярнуўшыся да Антона Астаповіча па нумары (029)1117332 (вэлком).