Імпрэза ладзілася ў мінскім Палацы мастацтваў 5 сакавіка. Кніга выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” накладам у 200 асобнікаў. “Дарога і шлях” — вынік sms-размоў паміж аўтарамі, дыялог паэткі і філосафа. Па-за чаканнямі і думкамі, пачуццямі і каханнем у ім хаваецца “спакуса быць жывым”. Акрамя самой п’есы, у кнізе таксама можна знайсці прадмову Пятра Васючэнкі і паслямову Карыны Анціпенкі.
На слушную “Дарогу і шлях” цягам вечара прысутных кіраваў бард Віктар Шалкевіч. Віктар таксама выступіў вядоўцам віктарыны з падарункамі ад “Будзьма!” Паўдзельнічаць у ёй мог кожны з прысутных у залі.
Павіншаваць сяброў з выхадам кнігі прыйшлі таксама знакавыя асобы беларускай культуры — Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Міхась Башура, Зміцер Вішнёў, Леанід Дранько-Майсюк, Яраш Малішэўскі, Віка Трэнас, Максім Жбанкоў, гурт “Жаба ў каляіне” ды іншыя.
Валянцін Акудовіч, нароўні са сваім старажытнагрэцкім калегам Гераклітам і нямецкім фізікам Вернерам Гейзенбергам, — адна з дзейных асобаў п’ескі:
— Нават у страшным сне я не думаў, што мне прыйдзецца рэдагаваць sms-паведамленні.
“Дарога і шлях” — першая кніга творчага тандэму Спрынчан і Анціпенкі, але ўжо можна спадзявацца, што адзінай яна не застанецца. Гэта дала зразумець сама Аксана Спрынчан. Яна звярнулася да ўсіх прысутных с просьбай дасылаць ёй падчас імпрэзы ў выглядзе sms ідэі наконт таго, як назваць наступную кнігу творчага саюзу. Аўтары лепшых ідэй атрымалі падарункі.