Прыгоды шведскай кароўкі Мамы Му працягваюцца! Зімовым ранкам 25 лютага ў госці да 2 “Б” класа гімназіі № 5 завітаў лялечны тэатрык “Лямцавая батлейка” з новым спектаклем “Мама Му ў басейне” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Найлепшы сябар Мамы Му Крумкач баіцца вады. І калі кароўка запрашае яго ў басейн, ён імкнецца рознымі спосабамі яе спыніць. Але Мама Му – смелая ды ўмелая, яна праплывае 25 метраў і атрымлівае залаты медаль. А дзеткі ёй дапамагалі – заўзелі так, што, напэўна, чула ўся школа!
Перад спектаклем была праведзена невялічкая моўная віктарына з малюнкамі, падчас якой дзеткі паўтарылі некаторыя беларускія словы. Актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі падаруначкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбывалася гэта імпрэза.
Кніжка на беларускай мове шведскай пісьменніцы Сары Лундберг “Віта, Белая Крэска” была ўрачана прадстаўніцы бацькоўскай рады спадарыні Алене, якая дапамагала арганізаваць сустрэчу. Дарэчы, спадарыня Алена распачала добрую ініцыятыву – яна раз на тыдзень прыходзіць у клас, каб пачытаць дзеткам цікавыя кніжкі на беларускай мове. Прыемна і карысна!
Скончыўся спектакль не толькі гучнымі воплескамі, а яшчэ і саладкімі падарункамі ад Мамы Му – малочнымі кармелькамі для кожнага, хто паглядзеў спектакль.
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоу для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з поспехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944 г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачу Краксу, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў уганараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.