Лялечны тэатрык “Лямцавая батлейка” 25 чэрвеня скончыў тэатральны сезон, паказаўшы прэм’ерны спектакль “Мама Му ў басейне” у Віцебску.
Першы выступ прайшоў у Віцебскім дзіцячым доме. Дзеткі школьнага ўзроста зараз адпачываюць у розных летніках, а маленькім дашкольнікам пашанцавала паглядзець спектаклік, крыху павесяліцца ды атрымаць цукерачкі ў музычнай зале дзіцячага дома. Весела было не толькі дзеткам (іх сабралося каля 40 чалавечкаў), але і іх выхавацелькам. Спадзяемся, што яны крыху адпачылі ад сваіх клапот і забыліся на ўсе на гэтыя поўгадзінкі! Дзякуй за прыемную сустрэчу!
А ў парку Мазурына праходзіла свята Ветру. Паветраныя змеі павольна ўздымаліся над спякотнай зымлей, хістаючы сваімі хвастамі. Шмат цікавых мерапрыемстваў праходзіла адначасова. І а 3 гадзіне ў цянку пад дрэвамі сабраліся 20 маленькіх віцяблян з бацькамі, пачуўшы назву спектакля – “Мама Му ў басейне” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Усім захацелася паплаваць! Смяяліся ўсе: і дзеці, і дарослыя. Прымалі ўдзел у моўнай віктарыне, заўзелі за Маму Му і Крумкача, а на прыканцы кожны зрабіў сам сабе медаль.
Дзякуй кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбыліся выступы, і якая з посьпехам падтрымлівае культурніцкія мерапрыемствы на беларускай мове для дзетак.
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак і дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.