7 чэрвеня лялечны тэатрык “Лямцавая батлейка” прыехаў у Гродна, каб паказаць спектакль “Мама Му чытае і прыбірае” паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр гарадзенскім дзеткам. Першы выступ адбыўся у новым незвычайным месцы – “Крама Ц”. Гэта гандлева-культурніцкая прастора, творчая пляцоўка, якая аб’яднала тры праекты: краму настольных гульняў “Кубік”, краму экамэблі “33 камоды” і этнакраму “Цудоўня”. Тут можна набыць што-небудзь, папіць каву, або паўдзельнічаць у цікавых сустрэчах. Напрыклад, з неверагоднай кароўкай Мамай Му і з яе лепшым сябрам Крумкачом. Перад спектаклем дзеткі, часам з дапамогай дарослых, адказалі на пытанні моўнай віктарыны. Усе здівіліся, калі Мама Му пачала чытаць, і крыху перапужаліся, калі Крумкач уключыў ветрагон. Пасля спектаклю дзеткі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і праходзіла вясёлая сустрэча ў цікавым месцы.
А пасля абеду лялечны тэатрык выступіў у Рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў. Некалькі дзетак не маглі бачыць спектакль, але яны с задавальннем яго слухалі, усе добра разумелі жарты, іх не спалохала нават сена, якое разляцелася па ўсей залі. Пасля спектакля дзеткі атрымалі постары з Мамай Му і Крумкачом ад кампаніі “Будзьма Беларусамі!”.
Дзякуй! Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка, Кобрын, Рагачоў, Гродна). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Маме Му, яе сябру-хвальку Крумкачу, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.
Фота “Крамы Ц”