28 студзеня Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк наведалі Пухавіцкі раён, дзе правялі шэраг літаратурных сустрэч. “У Пухавіцкім краі любяць беларускую паэзію і песню і шануюць беларускіх творцаў. Мы перакналіся ў гэтым, выступаючы ў Ананіцкай сярэдняй школе, у школе вёскі Пухавічы і Мар’інагорскім дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі.
Асабліва гасцінна нас сустрэлі вучні і настаўнікі Ананіцкай сярэняй школы, дзе апошні раз беларускіх пісьменнікаў бачылі дзесяць гадоў таму…
Настаўнікам і вучням Пухавіцкай СШ асабліва да душы прыйшоўся паэтычны экспромт Леаніда-Дранько Майсюка:
Лёгкім пухам –
Даў жа Бог! —
Снег на Пухавічы лёг.
Гэта радасць,
Гэта смех:
Родны пухавіцкі снег!
У Абласным дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі сустрэча насіла ярка інтэрактыўны характар. Дзеці мелі магчымасць раздзяліць з намі сцэну пад час імправізаванага конкурсу на лепшага чытальніка верша пра зіму. Самым смелыям і таленавітым мы ўручылі памятныя прызы з лагатыпам кампаніі “Будзьма”. Агулам у сустрэчах прыняло ўдзел каля пяцісот чалавек.”, — падзяліўся ўражаннямі Эдуард Акулін.
Напярэдадні, 19 студзеня, паэты правялі творчы майстар-клас у Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Удзельнікамі сустрэчы сталі сябры літаратурнага аб’яднання “Пегас” мінскага завода халадзільнікаў “Атлант”, а таксама вучні сталічнай гімназіі №14.
Усе сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”