Грамадскасць Беларусі, госці з Польшчы, прадстаўнік амерыканскай амбасады ў Беларусі, консулы Польшчы, Украіны і Расіі адзначылі чарговыя ўгодкі з дня народзінаў славутага сына Беларусі Тадэвуша Касцюшкі. Сёлета свята пачалося аўтапрабегам, які арганізаваў Аляксандр Мех з Кобрына са сваімі паплечнікамі. Удзельнікі аўтапрабегу наведалі Крупчыцы, дзе адбылася вялікая бітва паўстанцаў з рэгулярным расійскім войскам, Сяхновічы, дзе створаны краязнаўчы музей, і Мерачоўшчыну, дзе сабралася каля двухсот чалавек. Каля каменя з барэльефам Касцюшкі выступіў паэт Міхась Скобла, прачытаўшы вершы з новай кнігі “Камізэлька для месяца”.
Затым ушанаванне нацыянальнага героя Беларусі працягнулася ў недалёкім мястэчку Косава, дзе адбылася сустрэча з тым жа паэтам і даследчыкам літаратуры Міхасём Скоблам і краязнаўцам са Слоніма Сяргеем Чыгрыном. На ёй прысутнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і аматары роднай культуры і гісторыі з Кобрына, Баранавічаў, Івацэвічаў і Мінска. Падчас сустрэчы Міхась Скобла расказаў пра ўсебеларускую грамадскую кампанію “Пяцісотгоднасць”, прадставіў сваю новую кнігу “Саркафагі страху” і падрыхтаваны ім мемуарны зборнік Мікалая Улашчыка “Даць народу гісторыю”, дзе, між іншага, славуты гісторык прыгадаў, як адшукаў у адным з гарадзенскіх архіваў тастамент Касцюшкі. Сяргей Чыгрын расказаў пра свае пошукі ў расійскіх архівах, дзе захоўваецца шмат матэрыялаў, звязаных з паўстаннямі 1794, 1830 і 1863 гадоў. Як ні дзіўна, зазначыў даследчык, з архіва ў расійскай глыбінцы часам лягчэй атрымаць нейкі дакумент, чым з беларускага дзяржаўнага архіва. Творцы адказалі на пытанні слухачоў, якія мелі магчымасць атрымаць кнігі гасцей з аўтографам і памятныя падарункі ад “Пяцісотгоднасці”.
Барыс Баль