Суботнім днём 26-га лістапада адбыліся літаратурна-музычныя сустрэчы Антаніны Хатэнкі і Таццяны Грыневіч, праводжаныя ў межах праекту “500-годнасьць друку”, у 29-й СШ, у якую сышліся дзеля паяднання з літаратурай педагогі і вучні з бліжніх школ раёну, а таксама некаторыя з бацькоў, і ў палітэхнічным каледжы горада Брэста, дзе ўведваюць законы механікі, інжынерыі будучыя адмыслоўцы народнай гаспадаркі, не адцураныя, як аказалася, ад айчынных гісторыі і мастацтва.
Падзея сімвалічна супала з днём народзінаў непаўторнага нашага Уладзіміра Караткевіча – творцы, які растаеміў і акрэсьліў веліч і магуту беларускага Духу. Таму імпрэза й распачалася з караткевічавых вершаў, з успаміну пра ягоныя аповесці, драмы і раманы, з якіх паўстае вобраз мужнага, нязломнага, харобрага і разумнага народу.
Антаніна Хатэнка, згадваючы жыццялюбнасць і адвагу галоўнага героя “Ладдзі роспачы” Гервасія Вылівахі, выклікала публіку на роздум пра нацыянальны характар і нораў, пра нашу здольнасць бараніцца ад нягод і чужакоў, пра пачуццё гумару, уласцівае беларусам. Тым жа часам прагучала лірычная песня на словы Уладзіміра Караткевіча “Дробненькі дожджык” з памянёнага раману ў выкананні Таццяны Грыневіч.
А затым гаворка перакінулася глыбей у вякі – да першадрукара, навукоўцы, каралеўскага садоўніка, астролага доктара Скарыны, знанага ў Еўропе і надоўга забытага на Айчыне; да Максіма Багдановіча, 125-годдзе якога якраз падступае да брамы Беларусі на пачатку снежня; да сучасных паэтаў і музыкаў. Да тае небсяжнае прасторы, у якой жывуць, дыхаюць, лунаюць пранікнёныя галасы творцаў, пакінулых нам неацэннае багацце культуры.
Так усе разам, хто прылучыўся ў восеньскі дзень да насталай 500-годнасці, дзеля якой з’явіліся на гэтай зямлі і працавалі і Скарына, і Багдановіч і Караткевіч, а таксама тысячы нашых думцаў, вышукальнікаў, змагароў, выправіліся ў вялікае пазнавальнае падарожжа, што адкрывала шырокія абсягі літаратуры, мастацтва, гераізму і будзённай рупнасці папярэднікаў на ніве Бацькаўшчыны.
І школьнікі і настаўніцтва і навучэнцы каледжу добра й шчыра адгукнуліся на вершы, песні ды развагі пра нашу гісторыю, нашу слынную мінуласць і турботную сучаснасць, пра нацыянальныя шляхі і скрыжаванні. Зладзілася адкрытая гаворка пра лёс кнігадрукавання – ад Францішка Скарыны і да сёння, пра незлічонае мноства выдадзеных за паўтысячагоддзя мудрых і яркіх кніг, якія нібыта агортваюць народ і Край празрыстай абярожнай абалонкай ад нягод і страт, ад заблукаласці і забыўлівасці ў размаітым свеце нацый і культур.
Значнасць кнігі і слова, неадменнасць векавых народных традыцый і высокая каштоўнасць духовых ды матэрыяльных здабыткаў, перададзеных нам у спадчыну клапатлівымі продкамі, – на такіх важных прынцыпах нацыянальнага жыцця збудоўваецца будучынь. І менавіта пра гэтыя ключавыя прыярытэты гістарычнага руху беларусаў складаўся дыялог у зале адной з брэсцкіх школ і ў аўдыторыі палітэхнічнага каледжу.
“Хто мы такія? Толькі падарожныя сярод нябёс…” – раздумляў стагоддзе назад Максім Багдановіч. І дагэтуль пытанне вызначанасці кірунку ды ідэі развіцця трывожыць творцаў, мысляроў, навукоўцаў, якія спрабуюць абудзіць адказнасць за сваю Краіну і ў моладзі.
Гэтым разам пакаленне, народжанае ў час ці не суцэльнай кампутарызацыі, адгукнулася-такі на паэтычнае слова, на цёплыя народныя мелодыі, выпешчаныя вякамі, і на ўзвышаную песню сучаснасці, вытканую са слоў нашых класікаў Уладзіміра Дубоўкі, Ларысы Геніюш, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, юбілей якога таксама, дарэчы, прыпаў на лістапад.
Надзвычай зацікаўлена ўдзельнічалі слухачы і ў гістарычна-літаратурных віктарынах, захоплена адказваючы на пытанні пра з’явы і людзей, наўпрост звязаныя са старажытнай Берасцейшчынай. Прыгадалі такім чынам і Тадэвуша Касцюшку, і род Сапегаў, і Статут Вялікага княства Літоўскага, і вёску Дастоева, дзе захаваны карані Хведара Дастаеўскага, і палесскую мясціну з таямнічым замкам, апісаную ў адным з самых містычных раманаў Уладзіміра Караткевіча.
Так была здзейснена літаратурна-музычная экспедыцыя ў далёкую быўшчыну Беларусь, скуль прарастаюць у прышласць наша годнасць, слава і мудрасць, наша таленавітасць і памкнёнасць быць сабой на сваёй радзіме, быць беларусамі.
Сустрэчы адбываліся ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”