“Пісьменнік-вандроўнік”. Такую не зусім звычайную тэму мела сустрэча літаратараў Уладзімера Арлова і Ігара Крэбса, якая адбылася 3 лістапада ў арт-прасторы “Наталь” у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Наша “Пяцісотгоднасць”. Госці распавялі чытачам пра свае вандроўкі па Беларусі і замежжы. У. Арлоў, у прыватнасці, прачытаў вясёлыя фрагменты сваіх эсэ “Ці бываюць чарвівыя мандарыны?” пра вандроўку на Пірынейскую паўвыспу і “Канцэрт для міланскіх катоў”, а таксама згадаў, як у 1990-я быў затрыманы на брытанскай мяжы па падазрэнні ў сувязях з Ірландскай Рэспубліканскай Арміяй.
Госці разглядалі тэму сустрэчы шырока: гаворка ішла не толькі пра падарожжы ў геаграфічнай прасторы, але і пра вандроўкі ў прасторы літаратурнай і гістарычнай.Уладзімер Арлоў прадставіў публіцы новую кнігу мастацкай прозы “Танцы над горадам”, бестселер гэтага года кнігу “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”. Перакладчык казак Вільгельма Гаўфа, вершаў Генрыха Гайне і славутых “Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна” Ігар Крэбс расказаў пра гэтага найзнакаміцейшага вандроўніка і авантурыста і зачытаў некалькі займальных гісторый са сваёй перакладной кнігі.
Аздобілі літаратурную сустрэчу таксама два конкурсы. У. Арлоў вызначыў самыя арыгінальныя і цікавыя пытанні чытачоў. І. Крэбс як аўтар часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” правёў конкурс па перакладзе рэдкіх беларускіх слоў. Пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, сярод якіх былі часопісы “Дзеяслоў”, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, майкі з лагатыпамі.