17 траўня адбылася вялікая сустрэча са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, арганізаваная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
Вялікай яна стала не толькі праз прысутнасць на ёй добрай сотні студэнтаў-філолагаў, але і праз тое, што ў сустрэчы было ажно тры істотныя нагоды.
Выступае Генадзь Лапацін
Першая нагода – выхад трэцяга нумара літаратурнага альманаха “Палац”, што выдаецца Гомельскім абласным аддзяленнем СБП. Яго прадставіў старшыня Гомельскай абласной філіі Анатоль Бароўскі, распавёў пра яго асаблівасці ды заклікаў ахвотных паспрабаваць свае сілы ў літаратуры, дасылаць творы на адрас рэдакцыі. Да выступа рэдактара альманаха далучыліся з чытаннем вершаў паэты Генадзь Лапацін і Ігар Агілевіч.
Уверсе: выступае Алесь Пашкевіч; унізе: Барыс Пятровіч (Сачанка), Усевалад Сцебурака, Алесь Пашкевіч
Другой важнай прычынай для сустрэчы стаў выхад у серыі “Кнігарня пісьменніка” кнігі “Пад сузор’ем сярпа і молата” празаіка Барыса Іванавіча Сачанкі, якому б сёлета споўнілася 80 гадоў. З грунтоўным расповедам пра асобу пісьменніка, яго творчасць і родныя мясціны – вёску Вялікі Бор Хойніцкага раёна, адкуль выйшла цэлая пляяда выдатных сыноў Беларусі, выступіў Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Анжэла Мельнікава, Іван Штэйнер
У працяг гутаркі першы намеснік старшыні Алесь Пашкевіч расказаў пра новы, 81-ы нумар часопіса “Дзеяслоў”, які таксама стаў тэматычным — “гомельскім”, утрымліваючы не толькі матэрыялы, прысвечаныя Сачанку, але і публікацыі Анжэлы Мельнікавай і Івана Штэйнера.
У другой палове сустрэчы студэнтам у выкананні памочніка старшыні Усевалада Сцебуракібыла прэзентаваная мультымедыйная лекцыя ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, распачатай сёлета ГА “СБП” і МГА “Бацькаўшчына”. Гледачы пачулі і ўзгадалі цікавыя старонкі з гісторыі беларускага кнігадрукавання ды былі заахвочаныя да далейшага ўдзелу ў кампаніі святкавання 500-годдзя беларускай кнігі, якая зараз толькі набірае абароты і будзе працягвацца цэлы год.
Фота Анатоля Бароўскага