4 траўня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” і акцыі “500-годнасць” Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі наведалі мястэчка Ілля.
У Іллянскай сярэдняй школе імя Адама Грымаця адбылася першая прэзентацыя “Смачнай кнігі” Аксаны Спрынчан, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Яраш Малішэўскі начароўвае варганам, каб ва ўсіх было смачнае жыццё.
Паэтка хвалявалася, але слухачы з задавальненнем слухалі смачныя вершы і пагатоў цешыліся, калі за смачныя адгадкі загадак атрымлівалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Актыўныя ў адказах на пытанні, вучні і дружна спявалі разам з Ярашам Малішэўскім песні на вершы Аксаны Спрынчан, змешчаныя ў “Смачнай кнізе”.
З Ярашам Малішэўскім спяваюць усе
Госці пазнаёмілі навучэнцаў з праектам “Пяцісотгоднасць” – прымеркаваным да юбілею беларускага кнігадрукавання, што ладзіцца сёлета культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і ГА “СБП”.
Са свайго боку школа наладзіла для гасцей экскурсію па школьных музеях, якіх гэтая ўстанова адукацыі мае ажно два: этнаграфічны і літаратурны. Апошні існуе 25 гадоў і мае званне народнага.
Яраш Малішэўскі з сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, краязнаўцам Уладзімірам Кажамякам.
Куфар з экспазіцыі музея, які некалі з гаспадаром з’ездзіў у Амерыку
У Іллянскім музеі можна пакруціць вятрак і загадаць жаданне
Другая сустрэча адбылася ў Іллянскім дзяржаўным аграрным каледжы, дзе творцы сустрэліся са студэнтамі і выкладнікамі ўстановы.
Студэнты і выкладнікі вельмі цёпла сустрэлі вершы Аксаны Спрынчан, уразіліся, пабачыўшы і пачуўшы жалейку і басовую дудку, з якой і цёмным вечарам Ярашу Малішэўскаму зусім не страшна.
Разнастайныя беларускія інструменты і спевы далі ўяўленне пра нашую музычную культуру – часоў Францішка Скарыны і сённяшніх.
Абедзве імпрэзы адбыліся дзякуючы запрашэнню Уладзіміра Кажамякі, якому ў святочнай атмасферы імпрэзы быў уручаны падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Павандраваўшы па Іллі, Аксана Спрынчан усклала кветкі Змітраку Бядулю, які навучаўся ў гэтым цудоўным мястэчку.