Пешая вандроўка па самых старадаўніх вуліцах Мінску адбылася ў мінулую нядзелю дзякуючы маладзёваму аб’яднанню”Гісторыка”. Як і раней, яе правёў адзін з лепшых беларускіх экскурсаводаў, гісторык-тапаніміст і выкладчык БДЭУ Іван Сацукевіч.
Экскурсія пачалася з платформы станцыі метро “Няміга”. Аб багатым мінулым гэтага месца распавядае прымацаваны да столі метро драўляны човен, які нагадвае пра бойку тысячагодняй даўніны на Нямізе.
Даведаліся ўдзельнікі экскурсіі і пра Мінскае замчышча, месца, дзе ўзнік і развіваўся Мінск. У свой час высоўваліся ініцыятывы па ягонай рэстаўрацыі, але ў звязку з недахопам сродкаў ідэя так і засталася на паперы. Мінскае замчышча было зноў закапанае, і зараз пра яго нагадвае толькі манумент з шыльдачкай.
Асаблівую ўвагу Іван Сацукевіч надаў размешчанаму на тэрыторыі старога Мінску габрэйскаму гета. Цэнтрам яго з’яўлялася сённяшняя Юбілейная плошча, а само гета прасціралася на некалькі квадратных кіламетраў.
Вандроўка ахапіла такія старадаўнія вуліцы, як Ракаўская, Вызвалення, Замкавая, Няміга. Пра ўражанні ўдзельнікаў ад экскурсіяў Івана Сацукевіча кажуць іх натхнёныя водгукі пасля вандроўкі, а таксама каментары, пакінутыя на сайце “Будзьма”.