15 красавіка ў Бярэзінскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася літаратурна-музычная сустрэча “Песьні дзецям” з удзелам Андрэя Касценя і Рамана Яраша. Акрамя аўтарскіх прагучалі песьні на вершы беларускіх класікаў.
Сустрэча ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбывалася тут ужо ў другі раз.
Вучні школы разам са сваімі настаўнікамі (усяго больш за 20 чалавек) прынялі актыўны ўдзел у віктарыне на тэму творчасці Максіма Багдановіча, Наталлі Арсеневай, Янкі Купалы. Жыхары Бярэзані згадалі разам з выканаўцамі гімн “Магутны Божа” на музыку кампазітара-земляка Міколы Равенскага, якому сёлета спаўняецца 130 год з дня нараджэння. Юныя слухачы пачулі гучанне такіх музычных інструментаў як вусновая гармоніка, глёкеншпіль, джамбей, кларнет, дудка-сапілка, а таксама папоўнілі свой лексічны запас назвамі простых і знаёмых рэчаў на роднай мове.