Гастрольнае жыццё – жыццё складанае. Ніколі не ведаеш, як і хто цябе сустрэне ў наступным горадзе. Каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” выправілася ў чарговае падарожжа ў Рагачоў, дзе 27 траўня адбыўся “Кірмаш праектаў”.
“Па неафіцыйных звестках МУС, Рагачоўскі раён займае першае месца ў Беларусі па пітушчай моладзі. Калі ўлічваць апошнія даследаванні, то Рагачоў – горад з самай пітушчай моладдзю ў свеце!” – відавочна, што справаздача Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не пакінула абыякавым нікога. Тэма барацьбы за здаровы лад жыцця стала лейтматывам хіба не кожнага праекта. Варта адзначыць, што і месца правядзення мерапрыемства (асартымент кавярні “Елена” складаўся з піва і “да піва”) запэўнівала ў актуальнасці ідэй пра антыалкагольныя камунікацыйныя кампаніі і неабходнасць настойлівай папулярызацыі лозунга кампаніі “Культура паляпшае жыццё! Культура паляпшае жыццё!”
Андрэй Іваненка прапанаваў праект турніру аматарскіх футбольных каманд “Future”. Спадар Андрэй паставіў неверагодна глабальныя мэты (прапаганда здаровага ладу жыцця, матывацыя амбіцый, планаванне вольнага часу моладзі, атрыманне навыкаў працы ў камандзе, выхаванне імпэту да перамогі). Вядоўца сустрэчы, рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!” Кацярына Раманчык звярнула ўвагу на неадпаведнасць глабальных мэтаў і чаканых вынікаў: “Калі для вас важнае не столькі мерапрыемства, колькі дасягненне гэтых мэтаў, я б параіла пашырыць яго да камунікацыйнай кампаніі, часткай якога ўжо можа стаць футбольны турнір”.
Юры Брэль прэзентаваў ідэю фотавыставы “Рагачоў – два бакі аднаго горада”. Удзельнікам выставы прапануецца прадставіць сваё бачанне пазітыўных і негатыўных (?) бакоў культурнага, сацыяльнага жыцця горада. У якасці крытэраў вызначэння найлепшай працы Юры прапанаваў такія: актуальнасць; глыбіня кантрасту паміж пазітыўным і негатыўным фатаздымкамі; цікавасць да прадстаўленай праблемы ў грамадстве; якасць выканання працы.
Улічваючы, што выбіраць пераможцаў будуць наведнікі выставы, зала прапанавала Юрыю не засяроджваць увагу на якасці пададзеных прац. “Можа быць файная ідэя, а рэалізацыя не вельмі. А можа быць суперпрафесійны здымак, але ідэі ў ім ніякай. Тут жа, я лічу, галоўнае, што мусіць перамагаць – цікавая ідэя”, – пракаментаваў фатограф Аляксандр Tarantino Ждановіч.
Вынікам другога праекта Юрыя Брэля мусіць стаць пазнавальны фільм па гісторыі Рагачова. Складацца ён будзе з трох частак: гісторыя, культура, турызм – і апавядаць пра мала каму вядомыя старонкі з мінулага Рагачова, цікавых людзей і прывабныя турыстычныя месцы. Зала прапанавала аўтару яшчэ раз прадумаць аўдыторыю, на якую арыентуецца каманда праекта, а таксама дзе і як будзе прадстаўлены фільм. “Ёсць вялікая розніца паміж прэзентацыяй фільма ў зале і ў размяшчэнні ў інтэрнэце”.
Для папулярызацыі творчасці Уладзіміра Караткевіча сярод моладзі Віталь Барсукоў прапанаваў зладзіць цыкл дыскусійных сустрэч, падчас якіх удзельнікі даведаюцца пра новыя старонкі з жыцця знакамітага земляка. Плануецца таксама серыя інтэрв’ю з людзьмі, якія памятаюць Караткевіча, сустракаліся ці сябравалі з ім. Вынікі гэтых сустрэч Віталь мяркуе змясціць у адмысловую брашуру і распаўсюдзіць яе па школах і бібліятэках. Вядоўца і па сумяшчальніцтве галоўны крытык “Кірмашу” Кацярына Раманчык параіла падумаць над фарматам прадстаўлення вынікаў праекта: “Ці вартая гэтая брашура ўсіх выдаткаў, што пойдуць на яе падрыхтоўку і друк? Ці будзе адпавядаць эфект высілкам? Бо ёсць рызыка, што гэтая брашура будзе пахаваная пад бібліятэчным пылам. Думаю, варта разглядаць і іншыя, магчыма, анлайнавыя, пляцоўкі для размяшчэння назапашанай інфармацыі, ці іншыя, больш уплывовыя фарматы праекта”.
Праект па стварэнні Музея культуры і быту прадставіў Уладзімер Цюлькоў. У спадара Уладзімера ўжо ёсць пляцоўка (хата ў вёсцы Збароў) і некаторыя экспанаты для будучага музея. Для адкрыцця патрэбныя сродкі на рамонт і пакупку экспанатаў. “Каб мінімізаваць выдаткі, варта падумаць над перафарматаваннем у інтэрактыўны музей, куды людзі самі прыносілі б свае рэчы, а наўзамен атрымлівалі б, напрыклад, нейкую згадку пра сябе на адмысловай шыльдзе. Урэшце атрымаецца такі народны музей!” – атрымаў параду аўтар.
У якасці падвядзення вынікаў Кацярына Раманчык яшчэ раз звярнула ўвагу на адукацыйны складальнік “Кірмашоў праектаў” і дала некаторыя тэарэтычныя парады, якія дапамогуць аўтарам у будучых прэзентацыях перад патэнцыйнымі партнёрамі ці спонсарамі:
“Як мага больш дакладна вызначайце праблему, з якой працуеце, і мэту або тое, як зменіцца сітуацыя пасля рэалізацыі вашай ідэі. Вы мусіце дакладна ўяўляць сваю аўдыторыю – дэтальны партрэт чалавека, якога хочаце бачыць на размове пра Караткевіча ці на прэзентацыі фільма пра Рагачоў. Менавіта разуменне і яснае бачанне сваёй аўдыторыі дапамагае знайсці і абраць правільную канцэпцыю або фармат праекта. Абавязкова трэба кіравацца пэўнымі маркетынгавымі прынцыпамі, то бок прыгожа “абгортваць” свой прадукт цікавай назвай, дызайнам, пазіцыянаваннем. Бо культурніцкі прадукт мае мноства канкурэнтаў у самых розных сферах, асабліва інфармацыйнай. Вы як культурніцкія менеджары маеце выключную магчымасць уплываць на фармаванне ментальнасці, інтарэсаў і жаданняў людзей. Карыстайцеся гэтай магчымасцю! Нават тыя праблемы, што агучваліся ў пачатку нашай сустрэчы, могуць стаць нагодай для правядзення сацыяльных камунікацыйных праектаў і прыцягнення да іх у якасці партнёраў і спонсараў тых ж алкагольных брэндаў”.
Паглядзець прэзентацыі праектаў, даць парады і паўдзельнічаць у іх удасканаленні можна тут. Далучайцеся да абмеркавання!
“Кірмаш праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – камунікацыйная пляцоўка для людзей, якія займаюцца грамадсказначнай дзейнасцю на скрыжаванні культуры, гісторыі і краязнаўства, сацыяльнай сферы, сучасных тэхналогій і многіх іншых дысцыплін. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім горадзе, пішыце на [email protected]. Спрычынімся да паляпшэння гарадскога жыцця разам!
Тэкст -Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч