Па ласкаваму запрашэнню адміністрацыі дзіцячага лагера “Бярозка”, што знаходзіцца ў весцы Сялец, 23 жніўня 500-годнасць зноў завітала да новай змены дзяцей, якія праходзяць аздараўленне на Бярозаўшчыне.
Творчую сустрэчу, прысвечаную юбілею беларускага кнігадрукавання, правялі бярозаўская паэтка Валянціна Осіпава і паэт-краявед Мікола Папека –заснавальнік Мядовай прэміі, што амаль штогод уручаецца аднаму з годных пісьменнікаў Берасцейшчыны. Каб дзеці маглі належным чынам успрыняць вялізарную значнасць паўтысячагадовай падзеі, Валянціна Осіпава ў сваёй прамове зрабіла невялічкі экскурс у заходнюю Еўропу эпохі Адраджэння, у якой ў той час яшчэ панавала святая інквізіцыя, якая падвяргала пераследу іншадумцаў і дазваляла чытаць Біблію толькі на сакральных мовах.
Паэтка распавяла аб тым, у якіх умовах Францыск Скарына ажыццявіў сваю асветніцкую задуму, зрабіла акцэнт на тым, што Біблія на нацыянальнай мове дайшла да беларусаў значна раней, чым да многіх прасвечаных народаў. І ў нас есць законная падстава ганарыцца подзвігам перадавога першадрукара. Каб дзецям лягчэй было ўявіць значнасць гэтай падзеі, ім была прадстаўлена магчымасць самім патрымаць у руках факсімільнае выданне скарынаўскай Бібліі, разгледзець малюнкі і старадаўні шрыфт, якім у 1517 годзе быў надрукаваны “Псалтыр”.
Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі гасцей, якія пазнаёмілі слухачоў і з уласнай творчасцю. Мікола Папека прывёз на сустрэчу некаторыя гістарычныя артэфакты, якія вельмі зацікавілі дзяцей. Спадабалася ім таксама і прыймаць удзел у гістарычна- інтэлектуальнай віктарыне, якую правяла Валянціна Осіпава. Дзеці наперабой адказвалі на пытанні і самі задавалі іх берасцейскім паэтам. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя пачтоўкі і сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у рамках якой і праводзілася творчая сустрэча ў дзіцячым аздараўленчым лагеры” Бярозка”.