Вандроўка па мясцінах класіка беларускай літаратуры Уладзімера Караткевіча адбылася на мінулых выходных дзякуючы маладзёваму грамадскаму аб’яднанню “Гісторыка”. Яна ўлучыла наведванне горада Рагачова, дзе Уладзімер Караткевіч напісаў свае незабыўныя “Каласы пад сярпом тваім” і “Дзікае паляванне караля Стаха”, і суседняй вёскі Азярышчы. Яе краявіды доўгі час з’яўляліся крыніцай натхнення пісьменніка. У якасці экскурсавода выступіў Аляксандр Рыкуноў, супрацоўнік Рагачоўскага музею народнай славы. Мерапрыемства ладзілася пад знакам кампаніі “Будзьма!”.
Экскурсія пачалася з наведвання дому, дзе доўгі час пражываў Уладзімер Караткевіч. Па словах Аляксандра Рыкунова, у Караткевіча ў гэтым доме быў асабісты пакой, вялікі, высокі і светлы. За ім з самага дзяцінства пісьменніка была замацаваная назва “пакойчык Валодзі”. Пакой заўжды быў зачынены, і ўваход у яго быў дазволены толькі ягонаму гаспадару і сабаку Альме. У ім Караткевіч пісаў свае творы, зачыніўшыся на доўгія гадзіны ад знешняга свету.
Экскурсія прадоўжылася ў суседняй вёсцы Азярышчы. Менавіта з апісання краявідаў гэтай вёсцы, як зазначыў Рыкуноў, Караткевіч пачаў свае “Каласы пад сярпом тваім”. Памятаеце?..
“Груша цвiла апошнi год.
Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца..”.
Як гэта ні дзіўна, але груша сапраўды загінула праз год. Моцныя хвалі Дняпра змылі яе са свайго рассыпістага і крохкага берагу.
Экскурсантам пашчасціла наведаць могілкі, на якіх быў растраляны паўстанец памешчык Грыневіч. Ён падтрымаў Кастуся Каліноўскага і сабраў сабе армію, але неўзабаве быў расстраляны. Пасля гэтага па ягонай магіле прайшла рота жаўнераў, ад чаго дакладнае месца пахавання паўстанца застаецца невядомым. Уладзімер Караткевіч лічыў Грыневіча сваім сваяком па жаночай лініі, бо маці пісьменніка насіла прозвішча Грынкевіча.
Момант імпрэзы, спявае Ханна Чумакова
Скончылася экскурсія святочнай літаратурна-музычнай вечарынай. На ёй чыталіся вершы, прысвечаныя Караткевічу, спяваліся фальклорныя песні.
Экскурсія, па словах удзельнікаў, была вельмі пазнавальнай, і нават тыя, хто нарадзіўся і вырас на Рагачоўшчыне, адкрылі для сябе шмат новага з жыцця чалавека, які надаў беларускай гісторыі новы змест і мастацкае ўвасабленне.
“Будзьма” ўдзячная Ханне Чумаковай за прадастаўленую інфармацыю і Ташы Міхайлоўскай за фотаздымкі.