02.11.2016 | Кірмаш праектаў Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Што такое “Кірмаш праектаў”?

Ужо цяпер на платформе Talaka.by стартуе конкурс ідэй “Кірмаш праектаў для Маладзечна”, арганізаваны культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Школай маладых  менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

plakat

Напэўна не ўсе маладзечанцы ведаюць, што ж такое“Кірмаш праектаў” і навошта ў ім ўдзельнічаць.

Кірмаш праектаў – гэта досыць новы фармат публічных мерапрыемстваў і ўяўляе сабой конкурс ідэй, якія здольныя вырашыць нейкія культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы. Кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў і каб жыццё яго жыхароў стала лепшым. Калі так будзе ў кожным гарадку ці мястэчку, лепшым стане жыццё і ва ўсёй краіне.

“Будзьма беларусамі!” аб’ехала з “Кірмашамі” Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Рагачоў і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары пазнаходзілі аднадумцаў і для рэалізацыі іншых цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе “Кірмаш праектаў” у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі  мноствам адметных падзей. Сярод іх – Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход” і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў  Магілёве з’явілася “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты, а яшчэ  ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі  літаратурны праект “Паэзія ў метро”, чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.

“Кірмаш праектаў” – гэта месца, дзе вы зможаце падзяліцца сваёй ідэяй з неабыякавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія дапамогуць вам карыснымі парадамі, важнымі сувязямі, непасрэдным удзелам у вашым праекце, а часам і фінансава.

“Кірмаш праектаў” – гэта месца, дзе збіраюцца культурніцкія прапановы, іх аўтары і крытыкі. Удзел у конкурсе ідэй “Кірмаш праектаў для Маладзечна” – гэта выдатны шанец супольнымі высілкам зрабіць сваю мару рэальнасцю, зрабіць любімы горад лепшым!

Дасылайце свае ідэі на анлайн-кірмаш да 7 лістапада 2016 года і далучайцеся да конкурсу!

Даведкі: +375297121803, razam@budzma.org.

Сачыце за кірмашом у Вконтакте і Facebook!


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика