У апошнія з Дзён шведскай культуры ў Беларусі ў Палацы мастацтваў прэзентавалі зборнік сучаснага шведскага апавядання. Прэзентацыя адбылася ўвечары 9 чэрвеня.
Дар’я Вашкевіч
У прэзентацыі бралі ўдзел Стэфан Эрыксан – пасол Каралеўства Швецыя ў Беларусі, Мортэн Франкбю – дырэктар Цэнтру шведскіх даследаванняў, Міхась Башура – куратар праекту ад выдавецтва “Галіяфы”, Вольга Рызмакова – куратар праекту ад Цэнтру шведскіх даследаванняў, філосаф Валянцін Акудовіч, паэт Зміцер Вішнёў. Таксама гучалі песні ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і Віктара Шалкевіча. Апошні ж у якасці вядоўцы вечарыны дапытваўся, што ж ведае пра Швецыю шаноўная аўдыторыя.
У глядацкай залі
Нягледзячы на спякотны дзень і альтэрнатыву паглядзець шведскае кіно ў кінатэатры “Цэнтральны” ў залі сядзелі тыя, хто ўжо ўпадабаў шведскую літаратуру і культуру альбо толькі пачынае з імі знаёміцца.
Прэзентаваны зборнік выдадзены ў выдавецтве “Галіяфы” ў 2009 годзе пад рэдакцыяй Валянціна Акудовіча. Кніга, падрыхтаваная ўсяго за некалькі месяцаў, змяшчае чатырнаццаць навэлаў, якія, як абяцана ў анатацыі, раскрываюць самыя значныя тэндэнцыі новай шведскай прозы. Над перакладамі працавалі дзевяць перакладнікаў, толькі адзін з іх – мужчына. Праўда, каб зусім не забывацца на гендэрную роўнасць, для перакладу яны абралі творы дванаццаці пісьменнікаў абодвух полаў.
“Мы выбралі тых пісьменьнікаў, чые творы падаліся найцікавейшымі для беларускай публікі, і ў якіх пры гэтым напоўніцу раскрываецца своеасаблівасць шведскага жыцця”, – сказала Вольга Рызмакова.
Навэлы перакладалі сябры, студэнты і выкладчыкі Шведскага цэнтру, які дзейнічае ўжо восем гадоў. Іх, людзей абсалютна розных, яднае цікавасць да шведскай мовы і не спыняе тое, што найчасцей імя перакладніка застаецца невядомым. Нават свае перакладзеныя кнігі прэзентуюць звычайна аўтары.
“Праца перакладніка няўдзячная. Перакладнікі з’яўляюцца паўвартаснымі суаўтарамі гэтых кніжак. Яны ж руйнуюць моўныя межы паміж краінамі”, – зазначыў прадстаўнік выдавецтва “Галіяфы” Міхась Башура.
Як сказала адна з перакланіцаў – Вольга Цвірка (Рызмакова), шведская мова мае асаблівасць, праз якую з яе цяжка перакладаць. Яна зусім не складаная, хутчэй праблема ў адваротным: вельмі простыя ў параўнанні з нашай мовай сказы пры перакладзе выглядаюць занадта кароткімі і куцымі.
Мортэн Франкбю і Зміцер Вішнёў
“У такім маленькім па памеры зборніку атрымалася зрабіць агляд сучаснай шведскай прозы, паказаць шведскае грамадства праз літаратуру”, – кажа дырэктар Цэнтру шведскіх даследаванняў Мортэн Франкбю.
Аснова шведскіх твораў – драматургія стасункаў, міжасобасных ці ў сям’і, асабістыя перажыванні. Але нягледзячы на гэта ў іх ёсць адчуванне трывогі, у адрозненне ад беларускай літаратуры, дзе не чакаюць вялікай катастрофы. Катастрофы для беларусаў – не такое ўжо дзіва. Кніга пра чалавека, што жыве ў Швецыі, пра яго асобу, здольная дапамагчы зразумець псіхалогію, менталітэт жыхароў гэтай краіны, і гэта адзін з мосцікаў – сувязяў паміж Беларуссю і Швецыяй.
Прэзентацыя ладзілася пры падтрымцы агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота аўтара.