У час зімовых вакацый, на калядным тыдні – 26 снежня – у мінскай бібліятэцы імя Францішка Багушэвіча прайшла паэтычна-музычная імпрэза для школьнікаў. Калі развітваюцца са старым годам, звычайна ўзгадваюць, што ў ім было цікавага. Госць мерапрыемства – паэт, бард, навуковец Серж Мінскевіч, нагадаў школьнікам пра юбілей беларускага кнігадруку – 500 год таму Францыск Скарына выпусціў у свет Біблію на беларускай мове.
Дзеці разам з госцем паразважалі аб тым, хто піша кнігі: летапісцы, пісьменнікі, навукоўцы, падарожнікі, капітаны караблёў і народ, бо фальклор – гэта таксама вялікая і вельмі важная кніга. Пасля спадар Серж пазнаёміў школьнікаў са сваёй творчасцю: вершамі, казкамі і песнямі.
Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Навучэнцы актыўна ўдзельнічалі ў святочнай віктарыне, прысвечанай падарожжам, розным цікавосцям роднае зямлі і далёкіх краін. Напрыканцы сустрэчы школьнікі папрасілі госця паставіць аўтограф на беларускіх паштоўках.