Вера Буланда ў жніўні – 18-га і 21-га – выступіла ад кампаніі “Будзьма беларусамі” перад удзельнікамі Беларускай інтэлектуальнай гульні, якая праводзілася ў кафэ “Піўняры”, і перад сябрамі Народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” ў бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Прыгадаўшы добра ўсім вядомыя радкі “Словом можно убить…”, спадарыня Буланда адзначыла, што з юнацтва марыла напісаць свае думкі ў вершах на тэму, што са словам людзі павінны абыходзіцца вельмі асцярожна, так як словам сапраўды можна забіць і можна вярнуць да жыцця, можна вылечыць ад страшэннай хваробы…
За словамі і ўзгодненасць учынкаў,
І зладжанасць, і вернасць, і кантраст,
І сарамлівасць першая дзяўчынкі,
І хлопчыкаў збянтэжаная страсць.
Падступства і любоў любой жанчыны,
Авантурызм з каханнем у мужчын.
І ўсё-такі, і ўсё-такі прычыны
Знайдзіце, каб і словам памагчы…
Вера Буланда ў сваім выступе звярнула ўвагу на багацце беларускай мовы, запрашаючы сваімі вершамі памятаць, што пазычаць словы не шкодзіць, але і на свае прыгожыя, родныя не трэба забывацца:
Але, не жыць нікому без
Жывога слова “збожжа”,
Без хаты, дзе пахучы бэз
Падкрэсліваў заможнасць.
Без рошчыны ў дзяжы не жыць,
Як жабраку без кайстры…
…Каб словам ажывіць, расціць і песціць,
А не раптоўна з ног слабога збіць.
Таму няхай душа і словы змесціць,
Якімі мы навучымся любіць…
Напрыканцы сустрэчы паэтэса ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” падарыла паштоўкі лепшай камандзе з Беларускай інтэлектуальнай гульні, аналагічныя паштоўкі з тлумачэннем назваў месяцаў, кветак, мэблі, колераў і інш. былі падораны і сябрам Народнага клуба “Жывіца”.