Гісторыя пасёлка Дружнага пачалася ў сярэдзіне 80-х. На месцы тарфяніка і балот, дзе, як апавядаюць мясцовыя, добра жылося змеям, пачала ўзводзіцца Атамная ТЭЦ. Была аб’яўлена ўсесаюзная будоўля. Вывезлі мільёны тон торфу, насыпалі грунту, узвялі жылыя дамы і аб’екты сацкультбыту. Горад энергетыкаў рос хутка, будаваўся дружна, таму мажліва, і ўзнікла сярод жыхароў назва новага населенага пункту – Дружны. Гэтую назву зацвердзілі ў ва урадзе БССР у лютым 1986 г.. А вось узвядзенне атамнай станцыі пасля аварыя на Чарнобыльскай АЭС, было спынена на стадыі падрыхтоўкі ў 1987 г. Спецыялісты новага пасёлка ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў той страшнай аварыі.
Паэт, бард Валеры Скакун, жыхар пасёлку (вечар памяці якога прайшоў у Дружным сёлета ў маі) напісаў радкі-дэвіз:
Ёсць пасёлак пад назваю Дружны,
Дзе народ працавіты і мужны…
У 1999 го на месцы падмурку атамнай электрацэнтралі паставілі Мінскую ТЭЦ-5. З тых пор пасёлак насамрэч стаў, як і планавалася, горадам энергетыкаў.
Таксама Дружны прытуліў у сваіх дамах перасяленцаў з зоны адчужэння пасля Чарнобыльскай катастрофы. Вось як жыхарка Дружнага – Галіна Казычка, паэтка з Палесся, якая сама была сведкам той аварыі, бо працавала тады ў г. Прыпяць і сям’ю якой эвакуявалі з вёскі Бук, піша пра сваю малую радзіму:
Табе, мой родны Бук.
***
Цісне сэрца маё ад болю
Што не ўбачу я болей ніколі,
Як на ўзгорку, што там, за сялом
Сон-трава сінім свеціць святлом.
Не чуваць спеў тваіх чараўніц,
Толькі зоркі ваду п’юць з крыніц.
Ў замест маёй роднае хаты,
Пазірае мой клён сумаваты.
Не чакайце, сівыя бярозы,
Я не буду збіраць вашы слёзы.
Не жадаю я соль сваіх слёз,
Размяшаць з асалодай бяроз.
Цяпер Дружны развіваецца дынамічна, усё-ткі пасёлак стаіць у раёне, што лічыцца спадарожным Мінску. У гарадку відаць шмат маладых людзей і дзяцей.
Пры дапамозе Дружнініская дзіцячай бібліятэкі і ўдзелу кампаніі “Будзьма беларусамі!” для вучняў у Дружным прайшла лекцыя пра Францыска Скарыну і яго асветную дзейнасць. На адкрыцці летніка ў актавым зале 1-й Дружнінскай пачатковай школы сабралася 4-ы атрады – амаль сотня дзяўчат і хлопцаў. Ім было цікава паслухаць пра першадрукара Скарыну, пра яго кнігі, а таксама пачуць вершы і песні запрошанага госця – паэта, барда Сержа Мінскевіча і адгадаць яго загадкі-блытанкі. Лекцыя, што пачалася ціха і дысцыплінавана, закончылася весела і шумна (у станоўчым сэнсе гэтага слова). Юныя навучэнцы былі задаволеныя такім пачаткам летніх канікул.