Пісьменнік, краязнаўца, журналіст Станіслаў Суднік 23 ліпеня правёў сустрэчу ў сельскай бібліятэцы вёскі Дварышча Лідскага раёна Гродненскай вобласці на тэму “Стан сучаснай літаратуры і паэзіі”.
На жаль, на сустрэчы прысутнічала ўсяго 7 чалавек. Але было аб чым паразмаўляць, слухачы актыўна ўдзельнічалі ў гутарцы.
Размовы ішлі на розныя тэмы, не толькі па літаратуры, але і пра краязнаўства. Станіслаў Суднік вельмі хацеў бы, каб па выніках сустрэчы ў Дварышчы з’явіўся літаратурны музей.
Асабліва ўсім спадабаўся расповед пра першую беларускамоўную паэтку Адэлю з Устроні. .
“Гэтае імя было вернута ў нашу літаратуру з бяспамятства зусім нядаўна. Вярнуў яго рупны даследчык беларускага пісьменства Адам Мальдзіс, які ў 1970 годзе ў моры рукапісаў бібліятэкі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве знайшоў невялікую, напісаную лацінкай паэму на беларускай мове “Мачыха”. У канцы твору значылася імя аўтаркі – Адэля, яе радзіма – Устронь і дата напісання твору – 1850 .
Публікуючы паэму “Мачыха” у літаратурным зборніку “Краю мой – Нёман” (Мн.,1970), Адам Мальдзіс зазначыў, што яна “напісана рукой здольнага аўтара, з выкарыстаннем рамантычнай сімволікі, шчыра і ўсхвалявана. Не выключана, што паэма мае аўтабіяграфічны характар”. У тым жа самым рукапісе Адам Мальдзіс знайшоў і верш гэтай жа аўтаркі на польскай мове “Кракаў”, у якім расказваецца пра пажар у горадзе – мяркуецца, у час рэвалюцыі 1848 года, і выказваюцца розныя прароцтвы.” – інфармацыйная крыніца library.by.