15 лютага ў дзіцячую бібліятэку г.Лагойска завіталі вучні 4-га і 5-га класаў суседніх школ, каб пазнаеміцца з кнігай шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю”. Выйшла гэтая кніга напрыканцы 2017 года ў выдавецтве Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Гісторыю звычайнай сям’і, дзе нараджаецца і выхоўваецца незвычайная дзяўчынка, пераклалі на беларускую мову Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а таленавіты беларускі паэт Андрэй Хадановіч геніяльна завершаваў пераклад.
Прэзентацыя праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Спачатку дзеці пазнаёміліся з перакладчыцай Надзеяй Кандрусевіч, якая распавяла пра гісторыю выдання гэтай кнігі і пра працу перакладчыка. Надзея перадала для фонда бібліятэкі новую кнігу ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пасля акторкі тэатра “Лямцавая Батлейка” Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова прачыталі першую частку СУПЕРКНІГІ. Усе слухалі вельмі ўважліва – і дзеткі, і лялькі – героі кніжкі. Пасля чытання ўсе вырашылі, што гэты аповед і страшны, і сумны, і вясёлы, як наша рэальнае жыццё. Усе мы розныя, але мы разам, каб сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго. Скончылася сустрэча шчырымі абдымкамі і прыгожымі налепкамі на памяць.
Важная тэма, важныя словы, важная кніга – Суперкніга!
Чытайце кнігі на роднай мове!