25 чэрвеня ў Віцебску прайшоў традыцыйны літаратурна-музычны фэст “Барадулінкі”. Гасцямі свята ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай юбілею беларускага кнігадрукавання, былі літаратары з Мінска: пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і паэтка і перакладчыца, адна з рэдактарак інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” Юля Цімафеева.
У арт-прасторы “Талстога, 7” Альгерд Бахарэвіч прачытаў лекцыю пад назвай “Дэзарыентацыя на мясцовасці: балючыя кропкі сучаснай беларускай літаратуры”. Лекцыя была прысвечаная такім вядомым сучасным аўтарам, як Вальжына Морт, Павел Касцюкевіч, Марыя Мартысевіч, Валер Гапееў, Сяргей Календа, Андрэй Адамовіч і іншым. Слухачы, якіх сабралася каля паўсотні, мелі магчымасць даведацца, чым жыве сёння беларуская літаратура, якія мае тэндэнцыі і перспектывы, параўнаць нашу сытуацыю з заходнееўрапейскай, а таксама задаць пытанні. Увазе віцебскіх аматараў літаратуры таксама была прадстаўленая апошняя кніга пісьменніка – “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры”.
Юля Цімафеева прэзентавала свой другі паэтычны зборнік “Цырк”. Паэтка расказала пра гісторыю стварэння кнігі, а таксама прачытала свае вершы, цёпла сустрэтыя віцебскай публікай.
Аўтарка фота — Вікторыя Дашкевіч.