У межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” 17 кастрычніка 2014 года ў Бараўлянскай гімназіі прайшлі дзве творчыя сустрэчы другакласнікаў з перакладчыцамі Надзяй Кандрусевіч і Алесяй Башарымавай. Яны прадстаўлялі свае пераклады дзіцячых кніг са шведскай мовы, якія выйшлі ў серыі “Каляровы ровар”, заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Надзя расказала аб сваіх перакладах дзвюх кніг Сары Лундберг пра Віту Белую Крэску, апошніх у гэтай серыі. Яна пачытала ўрывак з кнігі “Віта Белая Крэска і Эйвінд”, а таксама расказала дзецям, што значыць быць перакладчыкам. Госці гімназіі правялі сярод дзяцей конкурс на найлепшага перакладчыка (перакладаць трэба было з беларускай на рускую мову і наадварот). Не ўсе ведалі як перакласці выраз “каляровы ровар”, але цяпер дзеці папоўнілі свой лексічны запас беларускай мовы! Найлепшыя перакладчыкі атрымалі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма!” паштоўкі з серыі “Не маўчы па-беларуску!”.
Потым Алеся расказала пра свае пераклады і прачытала ўрыўкі з кніг “Снежны чалавек” (Эва Суса і Бенжамэн Шо) ды “Найлепшы спявак у свеце” (Ульф Нільсан і Эва Эрыксан).
У апошняй кнізе расказваецца пра хлопчыка, які вельмі любіў спяваць песні свайму малодшаму браціку, але на школьнай сцэне выступаць баяўся. Аднак у выніку ён перамог свой страх. Многім з дзяцей, што прысутнічалі на імпрэзе, як выявілася, таксама даводзілася выступаць на сцэне: хтосьці чытаў вершы, хтосьці спяваў, хтосьці граў у спектаклі, а хтосьці нават паказваў гімнастычныя нумары. Перакладчыцы прапанавалі ахвочым праспяваць песню або пачытаць верш на беларускай мове перад класам, і выканаўцы атрымалі ў падарунак заахвочвальныя прызы – торбы “Будзьма беларусамі”.