У вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу, 23 верасня, адбылося першае Гарадзенскае свята беларускай паэзіі, якое арганізавалі Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” і Дзятлаўскі райвыканкам.
Справа ў тым, што летась у Зачэпічах быў адкрыты мемарыяльны знак, прысвечаны тром паэтам-аднавяскоўцам Петрусю Граніту (Івану Івашэвічу), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) і Гарасіму Праменю (Івану Пышко), якія актыўна друкаваліся ў беларускіх віленскіх выданнях былой Заходняй Беларусі. Менавіта тады было вырашана штогод восенню арганізоўваць і праводзіць у Зачэпічах свята беларускай паэзіі. Прайшоў год і першае Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі завітала ў Зачэпічы. Яно прысвечана памяці паэтаў-землякоў, а таксама 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Свята адкрыў мясцовы грамадскі актывіст і краязнавец Валерый Петрыкевіч, які шмат зрабіў дзеля захавання памяці паэтаў-землякоў. У гэты дзень у Зачэпічах свае творы чыталі паэты Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын і іншыя аўтары, там гучалі песні на словы нашых паэтаў у выкананні бардаў Змітра Бартосіка, Уладзіміра Хільмановіча, Сяргея Чарняка.
Вершы беларускіх паэтаў чыталі таксама вучні Жукоўшчынскай базавай школы Дзятлаўскага раёна і Дзятлаўскай СШ № 3. Пасля выступлення ўсе школьнікі атрымалі памятныя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
З вёскі Зачэпічы свята ў гэты дзень пераехала ў суседнюю вёску Жукоўшчына і працягвалася ў Жукоўшчынскім Доме культуры і сельскай бібліятэцы. Яго шчыра віталі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама, мясцовыя настаўнікі і бібліятэкары. Свае творы чыталі не толькі Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын, але і паэты Дзятлаўшчыны, а Валерый Петрыкевіч цікава распавёў пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.