Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін наведалі ўчора з літаратурнымі сустрэчамі Пухавіцкі раён. Імпрэзы адбыліся ў Мар’інагорскім агратэхнічным каледжы, у Блонскай сярэдняй школе і ў Мар’інагорскай школе № 2. Гэта не першая вандроўка вядомых паэтаў на Пухавіччыну: у лістападзе мінулага году яны ўжо выступалі ў мар’інагорскіх школах.
“Мы сёння пастараемся стварыць для вас святочны настрой. Па сутнасці, беларуская паэзія — гэта і ёсць свята душы для тых, хто да яе дакранаецца”, — з такіх словаў пачаў Леанід Дранько-Майсюк свой выступ перад студэнтамі найстарэйшай у Мар’інай Горцы навучальнай установы — Аграрна-тэхнічнага каледжа.
Па словах загадчыка навучальнай часткі Блонскай сярэдняй школы, сустрэчы з беларускімі літаратарамі ў школе адбываюцца не надта часта. Вялікі поспех у вучняў мелі песні, што спявалі паэты, асабліва развітальная “Мы беларускія дзеці…”
Апошняя сустрэча адбылася ў школе № 2, самай вялікай школе ў Мар’інай Горцы. Падчас імпрэзы паэты прэзентавалі вучням 37-мы нумар часопіса “Дзеяслоў”. На развітанне яна паабяцалі наведаць вучняў СШ № 1 і навучэнцаў Пухавіцкай санаторна-лясной школы.
Як адзначыў Эдуард Акулін, усе тры імпрэзы прайшлі весела і дынамічна. Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма!”