У межах кампаніі “500-годнасць” 1 ліпеня на фестывалі “Свята Ветру” выступілі сучасныя беларускія паэты: Андрэй Хадановіч, Алесь Сьнег і Даша Бялькевіч.
Пачала літаратурную частку Даша Бялькевіч – паэтка, удзельніца шматлікіх літаратурных вечароў, удзельніца фестываля “Вершы на асфальце”, Мастацкага фестываля “Ї” (Тэрнопаль, Украіна), пераможца слэма “Сильное слово” (2014) і слэма Беларускага Калегіума (2015), адна з арганізатараў паэтычнай імпрэзы “ART JAM” і паэтычнага конкурса “Рухавік”.
Даша ў сваіх вершах закранула тэмы кахання, сацыяльных праблем грамадства, жыцця і смерці. І нават атрымала “замову” ад слухачоў на адзін верш, які не быў агучаны.
Працягнуў паэтычную эстафету Алесь Сьнег – паэт, які са сваімі вершамі выступае ў розных кропках мапы: у Мінску, Львове, Бабруйску, Баранавічах, Слоніме і г.д. Чытаў свае вершы на адной сцэне з гуртамі AMAROKA, ФІОЛЕТ, Recha, ZnaRoсk. З’яўляецца адным з арганізатараў імпрэзы ART JAM і паэтычнага конкурса “Рухавік”.
Алесь прачытаў шчырыя і пяшчотныя вершы пра каханне, а таксама іранічныя – пра лайкі і панты ў сацсетках.
Завяршаў літаратурную частку Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра, аўтар васьмі дарослых і адной дзіцячай кніжкі вершаў, арганізатар некалькіх фэстываляў паэзіі і паэтычных слэмаў.
Андрэй Хадановіч захапіў публіку сваімі вершамі, а яшчэ выканаў некалькі беларускіх перакладаў песень Леанарда Коэна і Боба Дылана.
Падчас імпрэзы паэты задавалі слухачам пытанні, датычныя кнігадрукарства ў Беларусі. Тым, хто правільна і хутка адказваў, урачаліся прызы ад кампаніі “Будзьма Беларусамі”.
Аўтар фота: Юра Буракін.