Стральба з лука і кіданне коп’яў, балы ды пікнікі ў стылі ампір, традыцыйнае вяселле з вышыванкамі ды ручнікамі — усё гэта элементы беларушчыны ў сямейных святах альбо карпаратывах, якія ўжо сёння цалкам рэальна арганізаваць у нашай краіне. Аб перспектывах прасоўвання беларускай тэмы ў сферы івэнт-бізнэсу гутарылі на ток-шоу “Беларускасць як канцэпцыя ў святочнай індустрыі” ў Гародні, арганізаваным кампаніяй “Будзьма беларусамі!”
Экспертамі падчас размовы выступілі бард, тамада і вядоўца аўкцыёнаў Віктар Шалкевіч і актор і вядоўца вяселляў Аляксандр Енджэеўскі. Пра беларускую фолк-канцэпцыю ў арганізацыі масавых святаў расказалі адмыслоўцы ў традыцыйнай культуры Антон і Наста Янкоўскія, якія самі ў свой час згулялі вяселле па ўсіх правілах народнай культуры. Янкоўскія з’яўляюцца сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і самі бяруць удзел у этнаграфічных экспедыцыях, але пры гэтым мяркуюць, што традыцыйную культуру рана спісваць у музеі ды архівы: яна цалкам можа быць прысутнай у нашым штодзённым жыцці.
Пра асаблівасці данясення беларускасці да дзяцей падчас дзіцячых святаў расказала арганізатар і аўтар школьных святаў Алена Церашкова. Мама чатырох дзяцей з Мінска ў пэўны момант сутыкнулася з праблемай адсутнасці святочнай прапановы для дзяцей у беларускім стылі і вырашыла ўзяць справу ў свае рукі, такім чынам стварыўшы ўнікальныя напрацоўкі ў гэтай сферы.
Памылкова ўспрымаць беларускасць выключна як вясковую культуру з саламяным брылём ды плеценым тынам — гэтую тэзу ўпэўнена давялі наступныя ўдзельнікі дыскусіі. Рыцарскі клуб з Гародні “Дружына Патрыка” (не ірландскага Патрыка, а Патрыка — гарадзенскага князя — аўт.) прапаноўвае фехтаванне, стральбу з лука, сярэднявечныя танцы, гульні ды кухню ўпісваць у канцэпцыі вяселляў, хлапечнікаў альбо карпаратываў. Пры гэтым у публічнай, а значыць, і турыстычнай плоскасці пакуль ёсць пэўныя складанасці…
— У лідскім замку я бачыў анімаваныя экскурсіі з рыцарамі, а чаму такіх няма ў Гародні, дзе ажно два замкі? — спытаў рэпрэзентантаў клуба экскурсавод Павал Махінаў.
— Добрая ідэя, але на сённяшні момант у нас няма фінансавай матывацыі і прапановаў ад дырэкцыі таго ж замка. Есці ды піць нам нешта трэба, рыцарскі рыштунак каштуе нятанна, а бадзяцца па вуліцах у касцюмах за нішто, нібы “вандроўны цырк”, не хочацца, — адказаў прадстаўнік “Дружыны” Кірыл Арашкоў.
Беларусь часоў “Пана Тадэвуша” паўстала падчас прэзентацыі музычна-гістарычнага праекта “DOUX SOUVENIR” (Мінск), які займаецца рэканструкцыяй эпохі ампір, 1-й чвэрцю ХІХ ст. Балы, пікнікі, фехтаванне на шаблях — гэтыя ды іншыя элементы шляхецкай Беларусі прапаноўвае спажыўцу клуб. Паказчыкам попыту на тэму можа быць хаця б запрашэнне “DOUX SOUVENIR” для выступу на адной з пляцовак падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Напрыканцы ўдзельнікі дыскусіі мелі ўнікальную мажлівасць праглядзець аматарскае відэа з вяселля Ганны і Лявона Вольскіх канца 90-х, дзе ў якасці забавы госці гралі ў пэйнтбол, разбіўшыся на каманды “немцаў” і партызанаў з бел-чырвона-белымі стужачкамі. Цяжка назваць відэа надзвычай прадстаўнічым, але ў той жа час немажліва не назваць гістарычным — бо гэта акурат першыя крокі ды эксперыменты ў аздабленні святаў беларускім каларытам, які выходзіць за межы вясковай эстэтыкі.
Падчас дыскусіі прагучала цікавая тэза: нават расійскамоўныя беларусы прыхільна ставяцца да беларускай падчас святаў і забаўляльных мерапрыемстваў (напрыклад, праграма “DOUX SOUVENIR” цалкам беларускамоўная). Рэканструкцыі рыцарскай альбо напалеонаўскай эпохі, добра вядомыя спажыўцу па шматлікіх фільмах і кнігах, не губляюць, а толькі набываюць ад надання ім беларускай лакальнай глыбіні: глядач пры гэтым усведамляе, што цікавая яму тэма зусім не чужая, а тутэйшая, беларуская.
Варта пры гэтым адзначыць, што ў сферы беларускай забаўляльнай індустрыі клубы і гледачы пакуль не заўжды знаходзяць адно аднаго. Клубы рэканструкцыі не дастаткова камерцыялізаваныя альбо проста не маюць таленавітых менеджэраў, а публіка не заўжды мае час і настрой вышукваць нешта незвычайнае і таму зазвычай спыняецца на трывіяльных варыянтах.
Пры гэтым беларускасць мае вялікія шанцы і перспектывы ў інвайт-індустрыі, што толькі даводзіць досвед выступоўцаў, а хібы і памылкі — гэта хутчэй узроставыя хваробы і этапы сталення.
Тэкст: Алесь Кіркевіч
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч