У менскім Літаратурным музеі Максіма Багдановіча паэтычны тэатр “АРТ.С” прэзэнтаваў праект “Святкуйма беларускае”. Цягнуцца ён будзе 12 гадоў. 13 студзеня адзначалі год першы 2009 – Год Божай Кароўкі. Тэатр “АРТ.С” ужо праводзіў вечарыны ў задыякальным стылі. “Святкуйма беларускае” – заканамерны працяг:
Аксана Спрынчан
— 12 месяцаў – гэта задыякальны цыкл. Калі думаеш пра 12 гадоў, адразу ўзгадваеш усходні каляндар. Мы вырашылі, што трэба стварыць нешта сваё, а менавіта беларускі каляндар. Гэты год вырашана абвешчыць годам Божай Кароўкі, або Багоўкі, — распавяла Аксана Спрынчан, аўтарка ідэі і вядоўца вечарыны. – Ва ўсім свеце 2009 год лічыцца годам звычайнай каровы, а ў нас яна будзе Божая, – дадала паэтка.
Удзельнікі імпрэзы
У святкаванні бралі ўдзел пісьменнікі Мікола Кандратаў, Валярына Кустава, Міраслава Навіш, Сяргей Панізік, Людміла Рублеўская, Мікола Шабовіч, Віктар Шніп, Алена Масла а таксама музыкі Яраш Малішэўскі і Зміцер Сідаровіч. Кожны з іх выканаў свой твор ў гонар Божай Кароўкі.
Каб парадаваць галоўную гераіню года, падлогу ўсыпалі чорнымі кропкамі і накармілі ўсіх прысутных цукеркамі. Вядоўцы спецыяльна апрануліся як Божыя Кароўкі і пілі з адпаведных філіжанак. Госці імпрэзы, што прынялі ўдзел ў віктарыне і адказалі на пытанні, атрымалі падарункі ад “Будзьма” і Божых Каровак .
Якім будзе наступны год? Можа, зялёнай жабкі? Аксана Спрынчан:
— Далей будзе іншы час ды іншыя жывёлы, але ўсе яны будуць абавязкова беларускія.
***
Удзельнікі імпрэзы мусілі распавесці верш і гісторыю, прысвечаныя багоўцы (божай кароўцы). Практычна ўсе творы, што гучалі падчас сустрэчы, былі па-дзіцячы наіўнымі з лёгкім адценнем гумару.
Валярына Кустава
Па словах паэткі Валярыны Куставай, у большасці ўдзельнікаў не было вершаў пра божых каровак, што прымусіла іх перад удзелам у імпрэзе выканаць своеасаблівае хатняе заданне і прысвяціць адзін са сваіх твораў сімпатычнай казюрцы. Вядучыя, у якасці якіх выступілі Аксана Спрынчан і Алена Масла, дзякуючы каляроваму адзенню таксама пераўвасобіліся ў божых каровак.
Алена Масла з сувенірамі для ўдзельнікаў ад кампаніі “Будзьма!”