17 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які традыцыйна адзначаецца 21 лютага, паэтка Віка Трэнас і пісьменнік, музыкант, сябра СБП Юры Несцярэнка выступілі ў мінскай гімназіі № 12. Сустрэча прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Імпрэзу, якую наведалі навучэнцы дзевятых і дзясятых класаў, распачала выкладчыца філфака БДУ, даледчыца сучаснай беларускай мовы Зінаіда Бадзевіч.
Выступае Зінаіда Бадзевіч
Міні-лекцыя Зінаіды Іванаўны была прысвечаная ролі беларускай мовы ў фарміраванні нашай нацыянальнай ментальнасці. Лінгвістка ў даступнай для дзяцей форме распавяла пра тое, наколькі важна для будучыні нашага народа захаваць і падтрымаць беларускую мову і культуру.
Прыемная сустрэча праз гады: Зінаіда Бадзевіч і яе студэнтка, выпускніца філфака БДУ Віка Трэнас
Спадарыня Зінаіда пазнаёміла гімназістаў-старшакласнікаў, якіх у хуткім часе чакае выбар сваёй далейшай адукацыі і прафесіі, са спецыяльнасцямі, якімі можна авалодаць, паступіўшы на філалагічны факультэт БДУ, і запрасіла ўсіх далучацца да свету гуманітарыстыкі.
Выступленні Вікі Трэнас і Юрыя Несцярэнкі былі не такімі сур’ёзнымі, а хутчэй забаўляльнымі, і паказалі: валодаць роднай мовай не толькі архіважна, але і вясёла, і цікава.
Юры Несцярэнка
Для пачатку Юры выканаў у стылі рэгі песню “Лета” (аўтар словаў і музыкі Вольга Акуліч), чым змусіў маладзёнаў папляскаць у ладкі і пагрукаць абцасамі ў такт мелодыі. Прагучалі таксама кампазіцыі з рэпертуара Юрыя “Шукаеш кветачку”, “Мару ўбачыць гэты дождж” і нядаўна напісаная музыкантам песня “Паяднай” на верш Міхася Стральцова.
Віка Трэнас
Віка Трэнас, пасля прачытання сваіх вершаў, зладзіла інтэрактыўную віктарыну на веданне значных асобаў беларускай літаратуры. У гэтым ёй дапамагла серыя кніжных закладак, падрыхтаваных ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і кампаніяй “Будзьма беларусамі!” пад назвай “Сто гадоў беларускай школе”.
Варта сказаць, маладзёны адразу пазналі аўтара знакамітых слоў “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі” Францішка Багушэвіча і ўвогуле паказалі добрае веданне твораў і імёнаў беларускіх пісьменнікаў, за што атрымалі прызы — закладкі і паштоўкі.
Адведзеныя на сустрэчу школьныя 45 хвілін праляцелі як адно імгненне, але гасцям яшчэ хапіла часу на аўтограф-сесію і нефармальную гутарку з найбольш цікаўнымі гледачамі.