Прэзентацыя анталогіі беларускай паэзіі ў літоўскіх перакладах “Святло ў вокнах” (“Šviesa languose”) адбылася ў школе вёскі Рымдзюны на Астравеччыне. На сустрэчу з вучнямі ды іх бацькамі з Мінску прыехалі ўкладальнік анталогіі паэт Міхась Скобла, пісьменніца і знаўца народных звычаяў Антаніна Хатэнка і бард Алесь Камоцкі.
Анталогія выйшла ў канцы мінулага году ў віленскім выдавецтве “Homo liber”, выданне кнігі падтрымала Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. У ёй — дваццаць чатыры аўтары, сярод якіх Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Раіса Баравікова, Ніна Мацяш, Валянціна Аксак, Анатоль Сыс, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Алесь Пашкевіч, Віктар Шніп, а таксама беларускія паэты, якія жывуць у Вільні: Таццяна Сапач ды Алег Мінкін. Над перастварэннямі іх вершаў на літоўскую шчыравалі вядомыя ў Літве паэты і перакладчыкі: Альма Лапінскене, Ёнас Ліняўскас, Уладас Бразюнас, Альгімантас Антанавічус, Ромас Даўгіртас, Ёнас Стралкунас, Уладас Шымкус.
Адметнасць сустрэчы надаваў і той факт, што ў 2009 годзе адзначаецца 1000-годдзе гістарычнай Літвы, чые абшары можна акрэсліць межамі сённяшніх Міншчыны, Гарадзеншчыны ды Віленшчыны. Ва ўтульнай канферэнц-залі школы гучала сучасная паэзія па-беларуску і па-літоўску — сталічным гасцям дапамагалі вучні старэйшых класаў. Алесь Камоцкі выканаў некалькі песень на словы Максіма Багдановіча, чый талент сталеў у Вільні. Міхась Скобла прызнаўся, што дзвюхмоўную анталогію ён пачаў выкарыстоўваць як падручнік для вывучэння літоўскай мовы.
“Я здзівіўся, — прызнаўся паэт, — як шмат у нас агульнай лексікі: я налічыў некалькі дзесяткаў словаў, зразумелых без слоўніка. Нездарма нашы продкі некалькі стагоддзяў жылі ў адной магутнай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім”. Пад канец сустрэчы пад гістарычнай Пагоняй (сучасны герб літоўскай дзяржавы) вучні, якія найлепш ведаюць супольную мінуўшчыну Беларусі і Літвы, былі ўганараваныя каштоўнымі падарункамі ад кампаніі “Будзьма!”