13 кастрычніка з нагоды 120-гадовага юбілея з дня нараджэння славутага беларускага мастака, празаіка, паэта, этнографа і фалькларыста Язэпа Драздовіча мастакі суполкі “Пагоня” наведалі магілу і дом выбітнага суайчынніка, сярод якіх былі вядомы мастак Мікола Купава і кіраўнік “Пагоні” Аляксей Марачкін.
Першым месцам, якое наведалі беларускія мастакі, быў пасёлак Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, дзе пахаваная маці мастака Юзэфа. Пасля гэтага яны накіраваліся ў карцінную галерэю Ады Драздовіч, дзе выстаўленыя працы мастакоў “Пагоні” з усіх плэнэраў імя Драздовіча. Падчас гэтай сустрэчы мастакі прэзентавалі кампанію “Будзьма” і падарылі кашулькі з лагатыпам кампаніі жыхарам Германавічаў, якія прысутнічалі на сустрэчы. Далей дарога мастакоў пралягала праз ліплянскія могілкі, дзе пахаваны Язэп Драздовіч, і праз засценак Пунькі, у якім ён нарадзіўся.
Апошнім месцам вандроўкі была вёска Малыя Давыдкі, дзе мастакі наведалі сядзібу сябра Таварыства беларускіх мастакоў, мясцовага прадпрымальніка Мар’яна Місевіча, у якой ім, па словах Аляксея Марачкіна, быў аказаны вельмі цёплы прыём.
“Падобныя паездкі неабходна ладзіць часцей, – адзначыў Аляксей Марачкін. – Яны вельмі спрыяюць пашырэнню ведаў беларусаў пра развіццё беларускага мастацтва.”
20 кастрычніка ў Палацы мастацтва ў Мінску адбудзецца сход “Пагоні”, падчас якой мастакі маюць чарговы раз прэзентаваць кампанію “Будзьма” і абмеркаваць планы па далейшай выставачнай дзейнасці суполкі.
10 снежня суполка “Пагоня” у супрацоўніцтве з сябрамі Таварыства беларускіх мастакоў ладзіць выставу, прысвечаную шанаванню 120-х угодак са дня нараджэння Язэпа Драздовіча.