У віцебскім клубе “Зебра” адбылася сярэднявечная дыскатэка з удзелам вядомага гурту “Стары Ольса”. Імпрэза была арганізаваная віцебскім аб’яднаннем No Logo Promo ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Перад пачаткам дыскатэкі прайшоў конкурс, прысвечаны творчасці гурту “Стары Ольса”. Удзельнікі, якія правільна адказалі на пытанні, атрымалі прызы. Затым пачаўся канцэрт, які доўжыўся больш за дзве гадзіны. Беларускім і еўрапейскім танцам часоў сярэднявечча і Рэнесансу усіх жадаючых вучылі ўдзельнікі клубу гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” (Віцебск) і тэатру сярэднявечнага танцу “Яварына” (Мінск), пераапранутыя ў касцюмы XVI стагоддзя.
На канцэрце прагучалі вядомыя творы “Старога Ольсы” – песні са складанак “Полацкі сшытак” і “Віленскі сшытак”, кампазіцыі “Маразуля”, “Абарона Крычава”, “Бітва пад Воршай”, “Песня пра Князя Вітаўта” і іншыя гераічныя балады, воінскія і народныя песні. Было бачна, што шматлікія ўдзельнікі дыскатэкі добра ведаюць і любяць творчасць гурту.
Як паведаміў падчас канцэрту лідэр гурту Зміцер Сасноўскі, нядаўна калектыў скончыў працу над новым кліпам. “Гэты кліп на песню “Ліцвін” мы рабілі ажно цэлых тры гады. Дарэчы, у ім зняліся і прадстаўнікі Віцебску – клуб “Паўночная вежа”, – паведаміў ён.
Гурт “Стары Ольса” – часты госць у Віцебску. У траўні гэтага году музыкі прыяжджалі ў абласны цэнтр для ўдзелу ў свяце “Ліцвінская дуда”, прысвечаным Міжнароднаму дню музеяў. З вялікім паспехам канцэрт гурту прайшоў у сакавіку 2007 году ў абласной філармоніі. Па словах Зміцера Сасноўскага, чарговым разам у Віцебск калектыў мае прыехаць наступным летам.
“Будзьма!” выказвае падзяку Сяргею Кандрацьеву за прадастаўленыя фотаздымкі.