“Літаратура і духоўнасць”. Менавіта так гучала тэма сустрэчы пісьменніка Сяргея Законнікава, аўтара паэмы “Чорная быль”, з навучэнцамі старэйшых класаў мінскай сярэдняй школы №66. Мерапрыемства ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Тэму імпрэзы Сяргей Законнікаў адмыслова сфармуляваў шырока, каб дыскусія магла ахапіць адразу некалькі праблемаў, уласцівым сучаснай літаратурнай і духоўнай прасторы краіны.
“Перадусім гутарка ішла пра важнасць роднай мовы, пра яе ролю як духоўнага здабытку народу, яе ўспрыманне чалавекам на розных этапах жыцця: у маленстве, у дзяцінстве, у сталасці”, – адзначыў Сяргей Законнікаў.
Другую частку сустрэчы пісьменнік прысвяціў самай “балючай” тэме ўсіх беларусаў – Чарнобылю. “Чарнобыльская трагедыя – не толькі з’ява фізічная, якая ўвасабляецца ў медычных і экалагічных наступствах для пацярпелых ад яе людзей. Гэта таксама і духоўная трагедыя. Мы, беларусы, марудна пераадольваем наш “духоўны чарнобыль”, і ён ужо 2 стагоддзі вісіць над нашым краем і нашым народам, – зазначыў пісьменнік. – Мы ўжо маем сваю незалежную суверэнную краіну, але так і навялі лад на ўласнай зямлі.”
Падчас мерапрыемства Сяргей Законнікаў чытаў навучэнцам урыўкі са сваіх “Чарнобыльскай малітвы” і “Зязюлі”. Па ягоных словах, абедзве кнігі перакладзеныя шмат замежных моваў, і менавіта праз пераклады “пашыраецца далягляд айчыннай літаратуры”.
Сустрэчы з навучэнцамі пісьменнік ладзіць на сталай аснове. Сустрэча ў школе адбылася неўзабаве пасля таго, як пісьменнік дыскутаваў са студэнтамі дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў.
Фота з сайту media.catholic.by