На пытанні “началаўцы” часцяком адказвалі жэстамі, дапаўняючы рухі словамі: арт-паразуменне з публікай адбылося!
Фінальным у серыі творчых сустрэчаў, прысвечаных гарадской культуры, стаў вечар з танцавальнай кампаніяй “Naчalo” пад назвай “Твар беларускага contemporary: як адчуваць сучаснае мастацтва?”. Месцам правядзення, улічваючы пажаданні дзяўчат і хлопцаў – Яўгеніі Рамановіч, Даны Выдры, Іры Васількоўскай, Дар’і Івановай, Алесі Юцкевіч ды Сяргея Астрашэўскага – была абраная ёга-студыя “Сансара”.
Пра стосы паперы і арт-менеджараў
“Вы шмат ездзіце, — звяртаецца да “началаўцаў” мадэратар сустрэчы Хрысціна Марчук, — як з выступамі, так і з жаданнем чамусьці навучыцца. Чаго вам не хапае тут, на месцы?”
Па тварах дзяўчат прабягае ўсмешка:
“Красамоўны прыклад: у Варшаве больш за 100 камандаў займаецца contemporary dance, ва ўсёй Беларусі — добра калі набярэцца дзясятак. Акурат таму там ёсць з кім кантактаваць, каб браць нешта новае, а не варыцца ў сваім”.
Адна з асноўных праблемаў на месцах, паводле “началаўцаў”, — фармалізм і варожая абыякавасць да ўсяго новага. Напрыклад, найбольш імаверны адказ у дзяржаўных установах на творчую ініцыятыву гучыць як “А табе гэта трэба?”
“Творчым людзям цяжка дабівацца чагосьці, трэба пісаць стосы паперы, нейкія звароты… Яны ж не да гэтага. Папяровая блакада забівае шмат файных пачынанняў!”
У культурнай сферы ды тых жа тэатрах не хапае праслойкі арт-менеджараў, якія б бралі на сябе лагістычныя і грашовыя пытанні. Прасцей кажучы, адпаведна схеме “Ваша творчасць — наша арганізацыя”.
Пра тэатр без рэжысёра
“Я працую ў тэатры, — даводзіць сваю думку Яўгенія Рамановіч, — але цікавай творчай працы ў мяне амаль не было. Большасць пастановаў — мінулае стагоддзе. У тым жа Беластоку наогул няма свайго рэжысёра, уяўляеце? Там іх запрашаюць увесь час. Затое кожны новы рэжысёр ламае трупу, не дае заседзецца на адным месцы”.
Дзяўчаты тлумачаць, што яны не супраць тэатра, але за перамены.
“Немажліва глядзець, — працягвае Яўгенія, — на тых самых актораў у пастаноўцы таго самага рэжысёра ўвесь час. Мне асабіста не хапае тэатраў з Гомеля ці Беластока, якія тут можна пабачыць толькі раз на год падчас міжнароднага фестывалю. Чаму ўсё мусіць быць завязаным на фестываль? Не, не мусіць”.
Пра карпаратывы і “весялуху”
Акрамя гарадскіх святаў і выступаў на сцэне яшчэ адна “дзялянка” танцавальнай кампаніі — карпаратывы. Хоць гэтую сферу “началаўцы” ў сваім творчым графіку лічаць за патрэбнае скарачаць.
“Ці падабаецца ім? — перапытвае з усмешкай Дар’я Іванова, — канечне, у п’яным выглядзе ўсім усё падабаецца, візіткі просяць. Але так мы не развіваемся, таму і пагаджаемся цяпер значна радзей”.
Дзяўчаты адзначаюць яшчэ адну цікавостку: на вяселлях замоўнікі пакрысе адмаўляюцца ад банальнай “весялухі”, часам просяць нават нешта канцэптуальнае, каб было “не як ва ўсіх”.
Як адчуваць сучаснае мастацтва?
Дык усё ж такі як адчуваць сучаснае мастацтва і што гэтаму перашкаджае? Няўжо толькі кансерватызм тэатральнага кіраўніцтва? Не, існуе яшчэ і фінансавы бок пытання.
“Грашовае пытанне ўзнікае ва ўсіх тэатрах. Калі пастанова не збірае 100% залы, а збірае, скажам, 73% — яна ўжо лічыцца нецікавай, якой бы арыгінальнай і наватарскай для нашага горада ні была, — канстатуе харэограф Аляксандр Цебянькоў, — а адчуванне сучаснага мастацтва — гэта вопыт бачання, які ўзбагачае гледача. Вопыт, які ў нас з усіх вышэйпералічаных прычынаў фактычна адсутнічае”.
Нягледзячы на сур’ёзныя і праблемныя тэмы ў размовах, “началаўцы” ўвесь вечар “разгружалі” публіку танцавальнымі імправізацыямі, перыядычна падключаючы да іх некага з залы. Пры канцы дзяўчаты ў наўпростым сэнсе “адкланяліся” на знак удзячнасці перад усімі прысутнымі.
Заслона.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара і Хрысціны Марчук