Арт-паб “Торвальд” – самае сэрца Віцебска. Да таго, як гэтая кавярня стала “Торвальдам” – тут збіраліся крымінальнікі. А затым Віталь Броўка, колішні студэнцкі лідэр і арганізатар канцэрта ў Полацкім універсітэце 9 сакавіка 1999 года (да 81-й гадавіны 2-й Устаўной Граматы БНР), выкарыстаў магчымасць зарганізаваць тут арт-кафэ з ірландскім шармам.
Два дзясяткі зацікаўленых слухачоў і больш за дзве гадзіны песеннага падарожжа Андрэя Мельнікава і Міхаіла Рубіна з імі па гісторыі беларускай літаратуры: ад старапаганскіх часоў да нашых дзён. Менавіта так выглядала імпрэза “Рытмічна па белліту” ў арт-пабе 18 студзеня.
Апроч аўтарскіх, у залі гучалі спевы на вершы Наталлі Арсенневай, Кандрата Атраховіча, Рыгора Барадуліна, Зьмітрака Бядулі, Віктара Жыбуля, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі, Юльюша Славацкага, Леры Сом, Анатоля Сыса, Міхася Чарота, Марка Шагала… Дзве гадзіны праляцелі незаўважна, але вельмі плённа і эмацыйна.
Калі Вы жадаеце, каб праграма “Рытмічна па белліту” ў выкананні Андрэя Мельнікава ды Міхаіла Рубіна прайшла ў Вашай прасторы, пішыце на скрыню [email protected] ці на [email protected], і ваш зварот не застанецца без увагі.