28 кастрычніка паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк з творчым візітам наведалі Дзяржынскі раён, дзе правялі тры літаратурныя сустрэчы: у Бараўской СШ, у СШ № 1 п. Энергетыкаў, а таксама ў Негарэльскай СШ.
“ — У Бараўской школе нас сустракалі як даўніх сяброў, бо за апошія пяць гадоў мы выступалі тут неаднойчы.Таму сустрэча прайшла ў цёплай, сямейнай атмасферы. Пачалася яна з паэтычнага экспромта Леаніда Дранько-Майсюка:
Баравое – залатое.
Баравое – дарагое.
Баравое – родны край.
Для душы – сапраўдны рай!
А закончылася песеннай прэм’ерай. У выкананні настаўніка фізікі Мікалая Аляксеевіча Сазонава прагучала песня на словы Л. Дранько-Майсюка “У вашым голасе квітнеюць астры…”
Сустрэчы ў пасёлку Энергетыкаў і Негарэлым былі пабудаваныя ў форме ўрокаў сучаснай паэзіі. А элементы паэтычнага слэму, літаратурнай віктарыны, калектыўных спеваў надалі ўрокам па сапраўднаму крэатыўны характар. Наогул урокі “жывой” паэзіі праводзіліся ў гэтых навучальных установах упершыню, але, спадзяемся, не ў апошні раз,” – паведаміў Э. Акулін.
Сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.