Музычнае жыццё невялікіх гарадоў Беларусі не зможа назваць разнастайным нават самы жыццярадасны аптыміст: найчасцей афішныя слупы паведамляюць пра няхуткі выступ якой-небудзь з афіцыйных зорак, а то і ўвогуле пра людзей, пра якіх прынята пытацца: “А хто гэта?” Ці будзе так заўжды? Кампанія “Будзьма беларусамі!” абмеркавала гэтае пытанне, а таксама паспрабавала знайсці выхад з няпростага становішча разам з неабыякавымі жыхарамі Баранавічаў падчас прэзентацыі “Музыка горада: з тупікоў – у новыя перспектывы!”.
Першым пытаннем ад прысутных стала “Навошта мы гэта робім?” Звычайна на такое пытанне адказваюць прадстаўнікі кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У Баранавічах жа знайшліся ў зале тыя, хто апярэдзіў арганізатараў. Вядомы баранавіцкі музыка і прамоўтар Дзіма Ску:
“Я ў пэўны момант стаміўся ладзіць у Баранавічах канцэрты, бо часам шкада музыкаў – усё адно прыходзіць 30 чалавек. Тым не менш рабіць трэба, трэба, каб знайшлася крытычная маса з тых, хто будзе займацца арганізацыяй. Вось напрыклад, Славянскі базар у Віцебску дае вялікі штуршок у развіцці горада, культуры, гандлю. Чаму б не зрабіць у Баранавічах нешта падобнае? Магчыма, больш нефармальнае, але тым не менш”.
Адразу ж узнікла пытанне – а ці можна зрабіць у Баранавічах што-небудзь, што зацікавіць, прыкладам, мінскую публіку? Адказ таксама просты: калі пастарацца, то не праблема: у Мінску таксама музычнае жыццё мае пэўную спецыфіку, і мінчане наведваюць лакальныя фэсты.
“Не будзем забывацца, што музыка – гэта інструмент камунікацыі, – кажа бард Таццяна Беланогая. – Мы ж кепска ведаем сваіх суседзяў, таму трэба запрасіць музыкаў з суседніх краін, як тое робіцца ў Польшчы, Германіі”.
Іншае пытанне: а што публіцы могуць прапанаваць самі баранавіцкія музыкі? Адразу ж пайшла размова пра іх непрафесійнасць і адсутнасць музычнай адукацыі. І гэта самы вялікі музычны парадокс горада: тут ёсць і кафедра музычнай адукацыі ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, і музычны каледж, а музыкаў… няма. Наўрад ці ўсе выпускнікі з’ехалі з горада ў сталіцу, хутчэй за ўсё іх можна знайсці сярод менеджараў па продажах, прадаўцоў і кіроўцаў.
Іншы момант, які, праўда, змяніць можна паступова, – гэта стаўленне да музычных мерапрыемстваў, на якіх граюць навучэнцы згаданых установаў: гарадскія, афіцыйныя святы. Дзе яшчэ можна прадставіць творчасць музыкаў з прафесійнай адукацыяй – пытанне для супольных “брэйнстормаў”.
Удзельнікам мерапрыемства было прапанавана самастойна выбраць найпершыя задачы для развіцця музычнай сферы ў горадзе і даць прапановы па іх вырашэнні. Яшчэ крыху паспрачаўшыся, што і навошта ўвогуле трэба рабіць для развіцця мясцовай культуры, разам прыйшлі да паразумення па двух пунктах: а) музыка мусіць умець сябе п(р)адаваць; б) без актыўнага творча-культурніцкага “касцяка” ў горадзе не зрушыцца нічога.
Падсумаваўшы працу ў групах, вымаляваліся і прапановы:
Пытанне першае: Над чым трэба працаваць беларускаму музыку, каб стаць вядомым і дабіцца папулярнасці?
Мэтанакіраванасць: гэта мусіць быць своеасаблівы супергерой, які будзе мець непаўторны імідж, сваю фішку, каманду аднадумцаў, а таксама творчую каманду для стварэння і падтрымання індывідуальнага сцэнічнага вобразу.
Прафесійны рост: нельга адмаўляцца іграць хоць на дабрачынным канцэрце ці ў дзіцячым летніку, хоць на стадыёне. Можа быць, варта і ў пераходзе – гэта таксама варыянт для рэпетыцый.
Моцная асоба: гэты чалавек мусіць да апошняга стаяць на сваім, быць сапраўдным аматарам сваёй справы.
Распаўсюд: ну яе, тую сціпласць! Сваю творчасць трэба распаўсюджваць па ўсіх даступных каналах – праз сацсеткі, праз знаёмых, дасылаць свае запісы паўсюль, куды толькі можна. Пры гэтым асаблівую ўвагу звярнуць на развіццё сваіх камунікацыйных якасцяў.
Пытанне другое. Як знайсці актыўных, неабыякавых людзей у горадзе?
Пляцоўка: ствараецца камунікатыўная пляцоўка – гэта можа быць і вялікая зала чалавек на 800, а для пачатку – простая кавярня, дзе раз на тыдзень збіраюцца неабыякавыя людзі.
Штотыднёвыя сустрэчы: раз на тыдзень людзі прыносяць на сустрэчу тое, што стварылі, – нехта песню, нехта кліп, нехта праект канцэрта. У выніку абіраюцца найлепшыя праекты.
Фільтрацыя: З тысячы чалавек, якія прыйдуць з прапановамі, паступова абіраюцца найбольш зацікаўленыя, людзі, груба кажучы, у якіх вочы гараць. Магчыма, на выхадзе іх будзе ўсяго дваццаць чалавек, але яны будуць адказваць за канцэртны рух у Баранавічах.
Наколькі гэта рэальна? Удзельнікі сустрэчы згадалі суполку «Новы час» з Салігорска, якая на роўным месцы і сіламі валанцёраў стварыла ледзь не самы моцны ў краіне рэгіянальны канцэртны рух. Прыгадалі і пра пляцоўку Vitebsk4.me, дзе людзі таксама сваімі сіламі літаральна пераствараюць культурніцкае жыццё горада. Такім чынам, пакуль адны пакутуюць на пытанне “Навошта гэта нам трэба?”, іншыя ідуць і дзеяннямі дэманструюць, навошта. Цяпер трэба чакаць вынікаў – асабліва з улікам таго, што першыя валанцёры знайшліся адразу на сустрэчы.
Юрась Ускоў
Фота – Аляксей Сталяроў