На мінулым тыдні грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” падарылі аматарам літаратуры і музыкі шэраг цудоўных сустрэч з сучаснымі творцамі.
Так, 15 сакавіка ў Ліцэі БДУ паэты Анатоль Вярцінскі і Міхась Скобла ды спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава разам з навучэнцамі адзначылі дзень Канстытуцыі. Спадар Анатоль, былы дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, расказаў ліцэістам пра з’яўленне на свет першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі.
З цікавасцю разглядалі вучні і настаўнікі рарытэтны асобнік Канстытуцыі БССР 20-х гадоў – на чатырох дзяржаўных мовах: па-беларуску, па-руску, па-польску і на ідыш. А завершыў свой выступ знакаміты паэт вершам “Парада юным закаханым”, які выклікаў буру эмоцый.
Не знізіў эмацыйны градус сустрэчы і спадар Міхась – паміж вершамі ён расказваў розныя дзівосныя гісторыі, на якія жыва рэагавалі слухачы. А спадарыня Таццяна парадавала ліцэістаў не толькі чароўным голасам і выдатнымі песнямі, але і народнымі танцамі, навучыцца якім мелі магчымасць усе ахвочыя.
Наступным днём у Сеніцкай сярэдняй школе імя Я.Купалы, у межах дэкады роднай мовы, якая штогодна праводзіцца па ініцыятыве выкладчыкаў школы, адбылася сустрэча з паэтам, перакладчыкам, выканаўцам уласных песень Алесем Камоцкім.
Спадар Алесь апроч выканання песень на вершы класікаў беларускай літаратуры, адказваў на шматлікія пытаньні прысутных. А таксама з вялікім задавальненьнем паслухаў уласныя вершы, якія прачыталі старшакласьнікі. Вельмі ўпрыгожыла сустрэчу былая выпускніца школы Аліна Страшкевіч, якая чароўна аздобіла некалькі фінальных кампазіцый віртуозным акардэонным акампанементам.
Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, якой паспрыялі і шматлікія падарункі ад СБП і кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
16 ж сакавіка з ласкавага запрашэння бібліятэкаркі Таццяны Бардзілоўскай пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў выступіў на літаратурнай сустрэчы перад навучэнцамі і настаўнікамі гімназіі № 3 г. Барысава. Спадар Уладзімір прэзентаваў свае кніжкі вершаў дзецям “Багоўка” і “Кошык Велікодны”.
У гэтым яму дапамаглі і чацьвертакласніцы, якія прадэкламавалі на памяць вершы свайго госця, за што былі ўзнагароджаны наборамі паштовак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і кніжкамі пісьменніка. А іх аднакласнік Міша расказаў аўдыторыі пра поспехі барысаўскай футбольнай каманды “БАТЭ” і яе самага знанага гульца Аляксандра Глеба, прачытаў верш “Балельшчык”, за гэта быў узнагароджаны спецыяльным спартыўным прызам ад госця.
Таксама спадар Уладзімір рассказаў і пра сваю выдавецкую дзейнасць, а ў прыватнасці – пра чытанкі “Крынічка”, “Сонейка”, “Залатая яблынька” (укладальніца – удзельніца імпрэзы Раіса Шастак), пра слоўнік-даведнік “2000 рускіх 2000 беларускіх ідыём…”. Напрыканцы сустрэчы ўсе з асаблівым задавальненьнем паглядзелі мультфільм на аснове беларускіх прыказак і прымавак, зроблены ў тэхніцы выцінанкі, згадалі пра Вячаслава Дубінку, які аздобіў у гэтай тэхніцы некалькі кніжак.
Пасля актавай залы гаворка працягнулася ў школьнай бібліятэцы, дзе была наладжаная і аўтограф-сесія пісьменніка. На развітанне Уладзімір Сіўчыкаў спрэзентаваў бібліятэцы некалькі тамоў сваіх выданняў.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: [email protected] – будзем рады новым сябрам!