Сустрэча з галоўным рэдактарам культурніцкага альманаха “pARTisan” Артурам Клінавым і паэтам, журналістам Глебам Лабадзенкам адбылася 27 чэрвеня ў Бабруйску.
Падчас імпрэзы Артур Клінаў прэзентаваў дзевяты нумар часопіса “Горад Сонца-2” і каляндар “Канец словаў”, выпушчаны рэдакцыяй “pARTіsan’а” сумесна з шэрагам сучасных беларускіх паэтаў і фатографаў. Глеб Лабадзенка апавёў публіцы пра апошні праект, здзейснены супольна з паэтам Сяргеем Панізнікам, – аўдыёвыданне “Галасы Ўладзімера Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968 год”.
Пасля прэзентацыі выданняў, паміж выступоўцамі і гасцямі завязалася актыўная дыскусія адносна працэсаў у галіне развіцця сучаснай беларускай культуры. З меркавання Артура Клінава, сучасная беларуская літаратура сёння перажывае сапраўдны выбух. У сваю чаргу, Глеб Лабадзенка падкрэсліў, што цяпер больш чым калі Беларусі неабходна тварэнне замест “бессэнсоўнага змагання з ветракамі”.
Па словах арганізатараў, слухачы выказалі вялікую цікавасць да прапанаванай тэмы і ўзялі актыўны ўдзел у дыскусіі.
Пры канцы імпрэзы Глеб Лабадзенка зачытаў некалькі сваіх вершаў. Усе ахвотныя змаглі набыць прэзентаваныя выданні.
Фота Аляксандра Чыгіра.