25 мая ў цэнтральнай бібліятэцы г.Дзяржынска сабраліся ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Выток”, запрасіўшы да сябе ў госці паэтку Веру Буланда.
Размова актывізавалася з першай хвіліны. Не паспелі яшчэ ўсе сабрацца, як узніклі пытанні: на якой мове пісаць беларускаму аўтару? Як выдаць кнігу ў наш час? Чаму паэтка выбрала сваёй роднай мовай беларускую? Адкуль чэрпаюцца тэмы? Якія тэмы больш хвалююць?
Паэтка наступным чынам адказала на гэтыя ды іншыя пытанні : ” Канешне, беларусу лепш пісаць па-беларуску, бо мы гадуемся ў межах не толькі нашых траў і росаў, але і купаемся ў золаце нашых непаўторна-мілагучных слоў, прыгадваючы, напрыклад, само жыта і жыццё, карыстаемся ж такімі важнымі словамі – сугучнымі і неразлучнымі ні паміж сабой, ні з намі, што хочаш не хочаш, а ўспамінаеш радкі Пімена Панчанкі:
Стаю ля жыта,
Малюся жыту,
Пішу пра жыта,
Ізноў пра жыта:
Умее жыта
Душу лячыць,
Пакінь, зязюля,
Гады лічыць!
Жаўранка песня
Ў небе дрыжыць…
О божа мілы,
Як добра жыць!”
Падчас размовы выявілася, што ўсіх удзельнікаў хвалюе многае: і дабрата, і справядлівасць, і вайну мы ўспамінаем у сваіх радках, нягледзячы на тое, што ўсе нарадзіліся пасля вайны. Але як забыцца таму ж Рэнату пра штрафны батальён, калі родны дзядзька там загінуў, як не перажываць пра пакінутых дзетак, калі гэтая рэчаіснасць на вачах нашых як на кіналенце раскручваецца.
Чыталі вершы самі, слухалі госцю, усе былі вельмі актыўнымі і таму ўсе атрымалі падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”: дыскі з анімацыйным фільмам “Будзьма беларусамі!”, серыю паштовак, якая нагадвае, чым і кім мы, беларусы, адметныя. На паштоўках Вера Буланда пакінула свае аўтографы.