23 сакавіка ў гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбылася прэзэнтацыя літаратурнага альманаха “Новы замак” у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!». Сёлетні нумар стаўся ўжо трэцім зборнікам твораў пісьменнікаў гарадзеншчыны і аб’яднаў пад сваёй вокладкай каля двух дзесяткаў аўтараў – ад прызнаных мэтраў да таленавітых пачаткоўцаў на літаратурнай дзялянцы. На прэзэнтацыі прысутнічалі сябры рэдакцыйнай рады, аўтары і гарадзенцы з ліку неабыякавых да творчасці землякоў.
З грунтоўным літаратуразнаўчым аналізам і крытычным разглядам выступілі вядомыя навукоўцы Ігар Жук і Аляксей Пяткевіч, адзначыўшы сярод іншых мемуарыстычныя абразкі, прадстаўленыя сп-нямі Маліноўскай і Петрушкевіч, прозу Міхаіла Зізюка ды адзінагалосна ўхваліўшы яскравы дэбют маладой гарадзенскай паэткі Вікторыі Смолка.
Пра асаблівасці і складанасці працы над альманахам выказаўся ўкладальнік Сяргей Астраўцоў. Фрагменты сваіх твораў зачыталі Ала Петрушкевіч, Таццяна Маліноўская, Святлана Абдулаева і Вікторыя Смолка.
Сябры абласной філіі ГА “СБП” ухвалілі выхад чарговага нумару гарадзенскага альманаха і адзначылі, што гэты калектыўны зборнік набыў ўстойлівую структурную будову і пачаў набываць абрысы сталага і цэльнага выдання.
Фота: Андрэй Мялешка