У памяшканні гродзенскай суполкі Таварыства беларускай школы адбылася прэзентацыя кнігі “Расстраляная літаратура”, якая выйшла нядаўна ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор”. У імпрэзе ўзялі ўдзел адзін са складальнікаў унікальнага выдання паэт Міхась Скобла, літаратуразнавец, даследчык гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч і прафесар гарадзенскага Купалаўскага ўніверсітэту Аляксей Пяткевіч.
Кніга сапраўды ўнікальная, бо прысвечаная 66 беларускім літаратарам, расстраляным сталіністамі ў 1920—1950-х гадах. Пра незвычайнае выданне распавёў адзін са складальнікаў тому паэт Міхась Скобла:
— Гэтая кніжка рознажанравая. Тут прадстаўленыя і паэты, і празаікі, і публіцысты, і крытыкі. Ёсць тут і святары, і дзяржаўныя дзеячы. Шмат твораў друкуюцца тут упершыню…
У прэзентацыі кнігі “Расстраляная літаратура” ў Гародні ўзяў удзел і аўтар прадмовы, гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч. Асаблівую ўвагу ён аддаў постаці выбітнага дзеяча нацыянальнага адраджэння Антона Луцкевіча. Прафесар Аляксей Пяткевіч паразважаў на тэму прымусовага адабрання жыцця ў адухоўленых людзей.
Анатоль Сідарэвіч заўважыў, што многія рэпрэсаваныя пісьменнікі не былі савецкімі грамадзянамі:
— Дарэчы, Антон Луцкевіч ў выпісцы НКВД быў пазначаны “без подданства”. Ларыса Геніюш таксама была “без грамадзянства”. Яе пазбавілі чэскага грамадзянства па патрабаванні савецкай улады. Але яна так і не стала савецкай грамадзянкай, да яе гонару. Яе можна лічыць грамадзянкай БНР, паколькі яна стала сакратаром БНР па завяшчанні Васіля Захаркі…
Кніга “Расстраляная літаратура” выклікала вялікую цікавасць прысутных і спарадзіла гарачую дыскусію. Яе выданне — важны крок у вывучэнні белых плям беларускай гісторыі і культуры 20 стагоддзя.
Імпрэза адбылася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Фота Радыё Рацыя.