31.08.2016 | Adnak! Адукацыя Навіны "Будзьма!"

У Гродне паказалі ролікі пераможцаў Фестывалю aDNaK! (фота)

Пажыральнікі рэкламы сабраліся гарачым вечарам 25 жніўня ў цэнтры “Партал”.

Болей беларускай рэкламы, добрай і рознай, і не толькі раз на год, а як мага часцей! Пакуль адпачывае журы конкурснай часткі, ролікі-лаўрэаты катаюцца па краіне.

http://budzma.by/wp-content/gallery/hrodnaad/IMG_9921.jpg

Сустаршыні аргкамітэта Фестывалю Ніна Шыдлоўская і Сяргей Скараход прыехалі ў Гродна на запрашэнне гаспадара цэнтра адпачынку і развіцця “Партал”, што на Вялікай Траецкай вуліцы.

“Мы хацелі б пазіцыянавацца ў тым ліку як культурніцкае месца. Таму з радасцю запрашаем ініцыятывы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, – прывітаў публіку Іван Петушок.

Госці распавялі пра таямніцы кухні ўнікальнай штогадовай падзеі для беларускіх рэкламістаў і крэатыўшчыкаў.

Спасцігаць сваю ідэнтычнасць праз да болю простую рэч – рэкламу. Такая ідэя лунала ў паветры вакол стваральнікаў фестывалю.

“Калі праводзіўся першы фестываль, беларускамоўная рэклама была пераважна ў буйных брэндаў, якія прыйшлі на наш рынак: Bosh, Samsung, Ceresit”, – распавёў Сяргей Скараход.

http://budzma.by/wp-content/gallery/hrodnaad/IMG_9857.jpg

За сем гадоў станоўчая дынаміка не прымусіла сябе чакаць.

Сяргей Скараход і Ніна Шыдлоўская расказалі, як прадумваюцца фішкі конкурсу, выбар спікераў для адукацыйнай часткі, а таксама канцэпцыі і афармленне непасрэдна ўрачыстай цырымоніі.

“Мы хочам паказаць, што беларускаарыентаванае можа быць якасным і сучасным”, – кажа Ніна Шыдлоўская.

Напрыклад, адкрываючы самы першы фестываль, арганізатары распілоўвалі сапраўдны шлагбаум.

http://budzma.by/wp-content/gallery/hrodnaad/IMG_9874.jpg

Асобная ўвага – антынамінацыі “Каша сувораўская”. aDNaK! – адзін з нешматлікіх рэкламных фестываляў у свеце, куды могуць даслаць працу не толькі адмыслоўцы, але і любы ахвочы. Для гэтага неабходна даслаць выяву… самай недарэчнай і смешнай рэкламы. Сёлета “Кашу сувораўскую” атрымалі фота з Гродна: нашумелы ў СМІ банер з пераблытанымі Купалам і Коласам.

“Хочацца, каб падставаў для гэтай намінацыі было менш, – патлумачыла Ніна Шыдлоўская. – Яе мэта – не ўпікнуць тых, хто зрабіў памылкі, а звярнуць іх увагу. Часта людзі не са злосці некарэктна выкарыстоўваюць, інтэрпрэтуюць сур’ёзныя сімвалы”.

Натхніла арганізатараў фестывалю aDNaK! на гэтую намінацыю шакаладная Хатынь, якую Беларусь прадставіла на адной з замежных прамысловых выставаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/hrodnaad/IMG_9930.jpg

Адна з важных мэтаў, для якой задумваўся фестываль, – сяброўства і супрацоўніцтва бізнесу, культуры і грамадскага сектара. Перспектыўнасць гэтай ідэі пацвярджае колькасць партнёраў aDNaK!, якая штогод павялічваецца. Сёлета ў фестывалю з’явіўся новы сябар з Гродна. Салодкая кампанія “Мядовы шлях” у асобе Вольгі Гаўрылік шчодра падарыла слоікі мёду першым 50 ахвярадаўцам. Як вядома, сродкі для правядзення ўрачыстай цырымоніі збіралі талакой праз краўндфандынгавую платформу ulej.by.

На беларускамоўныя ролікі публіка рэагавала як у кіно: часам было смешна, часам – сумна, часам па-мастацку зробленая рэклама кранала да слёз.

Фота – Ігар Рэмзік


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика