13.02.2017 | Навіны "Будзьма!"

У межах акцыі “Пяцісотгоднасць” – сустрэча з Аленай Брава

У пятніцу, 3 лютага, у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай юбілею беларускага друку, у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага ў Мінску прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай Аленай Брава. Сярод публікі былі супрацоўніцы ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” (установа аб’ядноўвае 18 бібліятэк), прыхільніцы пісьменніцы, чытачы. Напачатку прысутныя даведаліся пра мэты і задачы акцыі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай 500-годдзю беларускай друкаванай Бібліі, беларускага друку: з гэтай інфармацыяй пазнаёміла каардынатарка літаратурна-мастацкага накірунку грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Таццяна Дайнека.

Пра сваю творчасць распавяла Алена Брава. Створаныя аўтаркай гераіні змагаюцца за права быць асобай, самастойна вызначаць свой жыццёвы шлях і, як могуць, супраціўляюцца абмежаванаму колу роляў, якое соцыўм традыцыйна гатовы прызнаць за жанчынай. Досыць часта яны церпяць паразу – пісьменніца патлумачыла, чаму. Не абыйшла Алена Брава і складанасці, з якімі сутыкаюцца ў нашай краіне “новыя” пісьменніцы-жанчыны, што ўзнімаюць у сваіх творах праблемы, пра якія не прынята было казаць у беларускай літаратуры раней. Але хто, як не самі жанчыны, найбольш шчыра і пераканаўча напішуць сябе, сваё цела і душу? Яны набываюць свабоду праз слова – і слова гэта менавіта беларускае.

Адказваючы на шматлікія пытанні прысутных, А. Брава распавяла, чаму даследуе айчынную традыцыю нешчаслівых і няпоўных сем’яў, а таксама – карані тыповай у Беларусі (і ўвогуле на постсавецкай прасторы) сітуацыі, калі жанчына цалкам ахвяруе сваімі інтарэсамі, талентамі і здольнасцямі дзеля сямейных абавязкаў. Асаблівую ўвагу надала аўтарка блізкай і балючай для яе тэме – становішчу жанчыны-маці-пісьменніцы, што вымушана літаральна раздзірацца паміж Божым і жаночым у сабе, паміж любоўю да дзіцёнка і творчым пакліканнем.

У сваю чаргу, чытачкі Алены Брава выказалі ёй ўдзячнасць за творы, пажадалі новых кніг, якіх з нецярплівасцю чакаюць. А далей была невялічкая віктарына: прысутныя адказалі на пытанні, падрыхтаваныя пісьменніцай, якія тычыліся гісторыі беларускага кнігадруку і сучаснай беларускай літаратуры. Пераможцы атрымалі каляровыя паштоўкі на роднай мове і значкі з сімволікай кампаніі “Пяцісотгоднасць” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

 

 

 

 

 

 

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика