“Кірмаш праектаў”, пачаты ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Магілёве, едзе ў іншыя найбуйнейшыя гарады краіны. Наступнымі рэзідэнцыямі для “маланкавых размоў” пра ідэі, здольныя зрабіць мясцовае культурнае жыццё больш цікавым, змястоўным і запатрабаваным, зробяцца Віцебск і Гомель.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” абвяшчае для жыхароў паўночнай і паўднёва-ўсходняй Беларусі прыём культурніцкіх праектаў, якім неабходная падтрымка ў пошуку аднадумцаў, партнёраў і рэсурсаў. Калі Вы ведаеце, чым узбагаціць культурнае жыццё Вашага горада і вобласці, можаце аформіць свае думкі канструктыўна і перспектыўна і больш за тое — хочаце “абкатаць” сваю ідэю ў асяродку неабыякавай публікі, якая зможа дапамагчы кампетэнтнымі парадамі, запрашаем Вас да ўдзелу ў “Кірмашы праектаў”, які адбудзецца ўжо ў сакавіку гэтага года!
На выніковай сустрэчы-прэзентацыі, якая пройдзе ў фармаце “маланкавай размовы”, Вы зможаце:
— расказаць пра свой праект/ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі;
— пазнаёміцца з рознымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
— знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў для рэалізацыі вашай ідэі;
— атрымаць “парады бывалых” і якасную ацэнку, карысныя для развіцця вашага праекта;
— заахвоціць сваім прыкладам тых, хто таксама мае класныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку;
— і такім чынам зрабіць свой унёсак у тое, каб культурніцкае жыццё вашага горада зрабілася ярчэйшым і цікавейшым!
Праекты, што пройдуць папярэдні адбор арганізатараў, пабачаць афіцыйныя асобы і незалежныя прадстаўнікі культуры і мастацтва, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя людзі, з якімі можна абмеркаваць вашую прапанову ў дэталях.
Фармат “маланкавая размова” (lightning talk) — гэта:
— 5 хвілін, якія даюцца на ваш выступ;
— мінімум 3 слайды*, якія вам трэба падрыхтаваць (максімум — роўна столькі, колькі вы паспееце прадставіць за адведзеныя 300 секунд).
*Для прэзентацый, зробленых у prezi.com, — абмежаванні толькі па працягласці выступу.
У прэзентацыі неабходна згадаць:
— назву і сутнасць прэзентацыі (праект, стратэгія і г.д.);
— чаму і каму гэты праект неабходны?
— фармат праекта, яго унікальнасць і (ці) актуальнасць;
— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт)?
Праекты ў фармаце прэзентацый PowerPoint, Prezi і аналагічных, а таксама запоўненую заяўку ўдзельніка дасылайце на электронны адрас, адпаведны Вашаму рэгіёну, да ўказанай ніжэй даты. Жадаем поспехаў і натхнення!
“Кірмаш праектаў” — Віцебск (і вобласць):
• Дэдлайн прыёму заявак: 24 лютага ўключна
• Дата выніковай прэзентацыі: 5 сакавіка
• Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскім рэгіёне:
• Уладзімір Булаўскі
• +37529 8940517
• Email: [email protected]
“Кірмаш праектаў” — Гомель (і вобласць):
• Дэдлайн прыёму заявак: 12 сакавіка ўключна
• Дата выніковай прэзентацыі: 22 сакавіка
• Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гомельскім рэгіёне:
• Яўген Меркіс
• + 37544 7494166
• Email: [email protected]