20 сакавіка, у пятніцу, у Віцебску на арт-базе vitebsk4me ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла літаратурная вечарына з удзелам беларускіх перакладчыкаў прозы.
Перакладчыцы Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута расказалі пра выданне беларускіх перакладаў Шэрлака Холмса, патлумачылі, чаму апавяданне, вядомае чытачам з рускіх перакладаў як “Медные Буки”, па-беларуску называецца “Лясныя Букі”, і хто выяўлены на вокладцы кнігі. Перакладчыца Алена Пятровіч прачытала ўрывак са свайго перакладу апавядання “Высакародны кавалер”. Пасля Кацярына Маціеўская правяла віктарыну на веданне твораў пра Шэрлака Холмса. За кожны правільны адказ удзельнікі атрымлівалі “будзьмаўскую” закладку ці паштоўку “Не маўчы па-беларуску”, а той, хто набраў найбольшую колькасць балаў, — галоўны прыз, торбу.
Пасля перакладчык Ігар Крэбс прадставіў пераклады вершаў Генрыха Гайнэ з двух апошніх нумароў часопіса “ПрайдзіСвет” і зачытаў урывак з кнігі пра барона Мюнхаўзэна Р. Э. Распэ, расказаўшы, чаму гісторыі пра барона — зусім не дзіцячыя. Кацярына Маціеўская прадставіла пераклад “Саламеі” Оскара Ўайлда і зачытала самыя вядомыя маналогі з гэтай п’есы, а Ганна Янкута расказала пра калядны цуд, які здарыўся са зборнікам святочных апавяданняў “Падарунак на Каляды”, і прачытала ўрывак з аповесці Чарлза Дыкенса “Калядны харал”.