На працягу двух тыдняў віцьбічы змогуць пабачыць найлепшыя моманты канцэртнага сезону NoLogoPromo.
Адкрыццё выставы ў сутарэннях Віцебскага мастацкага музею само па сабе стала падзеяй. Ужо за тыдзень да імпрэзы тэлефон арганізатара літаральна разрываўся ад званкоў людзей, якія высвятлялі больш грунтоўную інфармацыю па складзе ўдзельнікаў, характару мерапрыемства і месцу яго правядзення. За гады рамонту Мастацкі музей, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў самым цэнтры горада, паспеў выкрэсліцца з памяці мясцовых жыхароў.
У дзень адкрыцця зала №0 вітала культурніцкую моладзь, мастакоў, студэнтаў, дызайнераў, фатографаў, а таксама іх бацькоў. Прафесійныя наглядчыкі з ліку музейных супрацоўнікаў налічылі блізу 170 наведвальнікаў за вечар, што стала для іх, звыклых да цішы любай установы, пэўнай нечаканасцю. На шчасце, экспазіцыйнае абсталяванне засталося цэлым, а шэдэўры – некранутымі. Цёплай атмасферы, што лунала пад крыжовымі скляпеннямі галерэі, не маглі не паспрыяць прамовы арганізатара, завадатараў прома-суполкі NoLogo, а таксама музычнае суправаджэнне ад Traffaret’а. Сціплыя аўтары-фатографы, якія нават на ўласнай імпрэзе не развітваліся са сваімі “кэнанамі”, не ўзяліся закідваць аўдыторыю сваімі разважаннямі, а, атрымаўшы падарункі ад “Будзьмы!”, акуратна сышлі ў натоўп пасля прэзентацыі. Урэшце, інфармацыю пра іх, як і іншыя дэталі выставы, можна было знайсці ў буклетах, што распаўсюджваліся сярод наведвальнікаў.
Апошнія з жадаючых пазнаёміцца з выставай ўжо не змаглі патрапіць на адкрыццё, бо а шостай гадзіне музей зачыняўся. Для іх афіша на ўваходзе паведамляла, што экспанаванне “Культурнага ўZдыму” працягнецца да 27 снежня.
(c) Фота: А. Гарлачова-Русалоўская, А. Веледзімовіч, А. Усовіч.